Белорусский портал в Казахстане

Башарымаву і Сурапіну зменена мера стрымання на падпіску аб нявыездзе



Камітэт дзяржаўнай бяспекі змяніў меру стрымання на падпіску аб нявыездзе Антону Сурапіну і Сяргею Башарымаву, якія абвінавачваюцца ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы па справе аб "плюшавым дэсанце".

У паведамленні Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ гаворыцца, што Камітэт дзяржбяспекі працягвае расследаванне крымінальнай справы па факце незаконнага перасячэння 4 ліпеня гэтага года "дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь грамадзянамі Швецыі на лёгкаматорным самалёце".

"17.08.2012 грамадзянам Беларусі Башарымаву С.А. і Сурапіну А.А., якія абвінавачваюцца па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 371 КК Беларусі, зменена мера стрымання са зняволення пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах", — адзначаецца ў паведамленні ЦІГС КДБ.

Пры гэтым падкрэсліваецца, што Башарымаў і Сурапін застаюцца ў статусе абвінавачаных, "паколькі неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку правядзенне вочнай стаўкі, не праведзеныя ў сувязі з адмовай грамадзян Швецыі з`явіцца ў следчае ўпраўленне".

"Канчатковыя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да грамадзян Беларусі, якія праходзяць па крымінальнай справе, будуць прынятыя толькі пасля ўнясення поўнай яснасці ў абставіны расследуемага злачынства", — адзначае КДБ.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны амаль паўтары гадзіны і скінуў над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Нягледзячы на тое, што ваенныя і памежнікі адмаўлялі парушэнне дзяржмяжы, па гэтым факце была распачата крымінальная справа. 13 ліпеня ў рамках расследавання быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў.

Пазней стала вядома пра затрыманне рыелтара Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы маглі або планавалі здымаць жыллё.

19 ліпеня адзін з арганізатараў акцыі, заснавальнік шведскай піяр-кампаніі Studio Total Пер Кромвел зрабіў заяву аб недачыненні кагосьці з беларускіх грамадзян да "плюшавага дэсанту" і выказаў гатоўнасць прыехаць у выпадку неабходнасці ў Беларусь для дачы паказанняў.

31 ліпеня за "неналежнае выкананне службовых абавязкаў па арганізацыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка зняў з пасад кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.

1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі паслу Швецыі Стэфану Эрыксану, пасля чаго выбухнуў беларуска-шведскі дыпламатычны скандал.

9 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што канфлікт вакол пасла Швецыі і інцыдэнт з незаконным палётам над Беларуссю шведскага самалёта ніяк не звязаны.

На мінулым тыдні КДБ накіраваў шведам позвы. Прадстаўнікам Studio Total — удзельнікам акцыі Хане Ліне Фрэй, Перу Кромвелу і Томасу Мазэці было прадпісана на працягу 10 дзён з`явіцца ў следчы аддзел КДБ для ўдзелу ў следчых дзеяннях (допыце). Аднак шведы прыязджаць у Беларусь адмовіліся. Сваю адмову прадстаўнікі Studio Total матывавалі адсутнасцю гарантый недатыкальнасці. У той жа час яны заявілі, што гатовыя прыняць у Швецыі прэзідэнта Беларусі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/206/15887
Текущая дата: 30.11.2024