Белорусский портал в Казахстане

Скалечаных бакланаў усыпілі



Усіх выяўленых параненых птушанят бакланаў на выспе ў Віцебскай вобласьці, якія не загінулі ад голаду, усыпілі.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі.

«Усе птушкі, выяўленыя ў пэрыяд з 19 па 25 чэрвеня з характэрнымі калецтвамі ў колькасьці 26 асобін, памерлі альбо былі забітыя пры дапамозе ін’екцыі па рэкамэндацыі вэтэрынарнай станцыі. Яны пахаваны ў магільніку для жывёл. Больш падобных птушак на дадзенай тэрыторыі (востраў на адной з рэк у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласьці — „ІФ“) выяўлена не было », - адзначылі ў Мінпрыроды.

Там паведамілі, што «Чашніцкі РАУС затрымаў падазраванага ў інцыдэнце, які адбыўся ў Новалукомлі Чашніцкага раёна. Вядзецца далейшае расьсьледаваньне з мэтай вызначэньня меры пакараньня».

Начальнік РАУС Чашніцкага раёна Міхаіл Дзядзічкін: «затрыманых і падазраваных па гэтым факце няма".

«За жорсткае абыходжаньне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, а таксама за катаваньне жывёл прадугледжаны штраф у памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь (каля $ 360) або адміністрацыйны арышт», — удакладнілі ў Мінпрыроды.

У сваю чаргу начальнік РАУС Чашніцкага раёна Міхаіл Дзядзічкін заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у панядзелак, што «затрыманых і падазраваных па гэтым факце няма. Праводзяцца апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, апытваюцца рыбакі, паляўнічыя, мясцовыя жыхары».

Раней паведамлялася, што на мінулым тыдні ў Чашніцкім раёне паблізу рыбгасу было выяўлена некалькі дзесяткаў птушанят бакланаў з адрэзанымі наддзюбкамі. З-за таго, што бакланы сваёй пражэрлівасьцю робяць пэўную шкоду рыбгасам, у Беларусі яны лічацца непажаданым відам і дазволены іх адстрэл. За адстрэл плацяць грашовае ўзнагароджаньне, у якасьці пацьверджаньня трэба прынесьці лапку птушкі.

Як паведамілі ў Мінпрыроды, «на тэрыторыі Беларусі жыве 2,5-3 тыс. пар баклана вялікага. З улікам выведзеных птушанят калёнія павялічваецца прыкладна ў 2 разы і складае 5-6 тыс. пар. Сярэдняя норма харчаваньня для птушкі складае 350 грамаў рыбы у суткі, для птушанят — 330 грамаў. Такім чынам, у суткі калёнія бакланаў вялікіх спажывае да 2 тон рыбы, у месяц -. прыблізна 60 тон. Колькасьць злоўленай бакланам вялікім рыбы на працягу вэгетацыйнага пэрыяду складае прыкладна 460 тон».

Радыё Свабода
25 чэрвеня 2012, Менск


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/209/14862
Текущая дата: 07.11.2024