Белорусский портал в Казахстане

Нелегальныя мігранты "праверылі" дзяржмяжу Беларусі на некалькіх напрамках адразу



5 чэрвеня дзяржаўную мяжу Беларусі нелегальныя мігранты "праверылі на трываласць" адразу з некалькіх напрамкаў.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, на ўчастку Брэсцкай пагранічнай групы быў затрыманы грамадзянін Расіі без дакументаў. Канцавым пунктам маршруту нібыта жыхара Хасавюрта была Германія. Там парушальнік дзяржмяжы спадзяваўся знайсці лепшыя ўмовы жыцця. Для разбору мужчына затрыманы на тэрмін да трох сутак, утрымліваецца ў ІЧУ пагрангрупы.

Такі ж фінал — у гісторыі грамадзяніна Пакістана. Для незаконнага выезду ў Польшчу ён падрабіў пашпарт — "выправіў" тэрмін яго дзеяння. 43-гадоваму мужчыну давялося пакінуць цягнік Мінск — Варшава, на якім ён спрабаваў выехаць з Беларусі.

Затрыманы таксама жыхар Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Ён займаўся перакідваннем цыгарэт у Польшчу. Мужчына ва ўстаноўленым парадку перасек беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску "Варшаўскі мост". Затым паводле папярэдняй дамоўленасці з саўдзельнікамі падышоў да лініі мяжы, дзе павінен быў прыняць каробкі з тытунёвай прадукцыяй. Перагрузку тытуню спынілі пагранічнікі. Тады мужчына вырашыў вярнуцца ў краіну ў абыход пункта пропуску. Зараз парушальніку дзяржаўнай мяжы давядзецца заплаціць штраф у 20 базавых велічыняў.

Яшчэ аднаго патэнцыяльнага нелегальнага мігранта, грамадзяніна Арменіі, затрымалі ў Гродне ў раёне аўтавакзала. 21-гадовы прызыўнік вырашыў уцячы ў Еўропу, каб ухіліцца ад ваеннай службы. У сувязі з гэтым ён знаходзіўся ў міжнародным вышуку. Зараз малады чалавек змешчаны ў ІЧУ Кастрычніцкага РАУС Гродна да прыняцця рашэння аб экстрадыцыі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 6 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/211/14504
Текущая дата: 30.11.2024