Белорусский портал в Казахстане

Сяргей Каваленка спыніў галадоўку



Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19, спыніў галадоўку, паведаміла яго жонка.

Паводле слоў Алены Каваленкі, 24 мая Сяргея наведаў адвакат. "Адвакат сказаў, што галадоўку Сяргей спыніў, будзе змагацца іншымі метадамі. Цяпер ён знаходзіцца ў каранціне, яму выдалі спецадзенне. Медыцынскае абследаванне не праводзілася. Адвакат сказаў, што адчувае сябе Сяргей больш-менш", — расказала жонка апазіцыянера.

Яна таксама паведаміла, што адвакат рыхтуе наглядную скаргу ў Віцебскі абласны суд на прыгавор Каваленкі.

Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года па абвінавачанні ва ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Размова ідзе пра пакаранне, якое было вынесена Каваленку ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання Каваленка аб`явіў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі каля двух месяцаў. У пачатку красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць.

10 красавіка Віцебскі абласны суд пры разглядзе касацыйнай скаргі Каваленкі прыняў рашэнне накіраваць яго на комплексную псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках (пад Мінскам).

13 красавіка, ужо ў Навінках, апазіцыянер галадоўку спыніў. Экспертыза доўжылася амаль месяц і прызнала Сяргея Каваленку псіхічна здаровым, пасля чаго яго адправілі назад, у віцебскі следчы ізалятар № 2. 8 мая ў Віцебску асуджаны аднавіў галадоўку пратэсту. 18 мая Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі на прыгавор. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у магілёўскую калонію апазіцыянер быў этапіраваны 19 мая.

Варта адзначыць, што 30 мая ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска павінны судзіць і Алену Каваленка. Яна абвінавачваецца ў дробным хуліганстве. Віна жанчыны заключаецца ў тым, што 18 мая, у дзень разгляду касацыйнай скаргі мужа, яна разам з яго стрыечным братам і актывісткай грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" напісала на асфальце перад будынкам абласнога суда "Свабоду Сяргею Каваленку!". Усе трое былі затрыманыя і дастаўленыя ў суд, аднак пасяджэнне было перанесенае ў сувязі з рашэннем суддзі дапытаць супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі абвінавачваных.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 25 мая 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/212/14304
Текущая дата: 30.11.2024