Белорусский портал в Казахстане

Пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі не будзе садзейнічаць пазітыўным пераменам у краіне, мяркуе Аляксей Янукевіч



Партыя БНФ у фармуляванні сваёй палітыкі кіруецца перш за ўсё нацыянальнымі інтарэсамі. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 10 красавіка заяве лідара партыі Аляксея Янукевіча.

"Адпаведна, Партыя БНФ і яе прадстаўнікі ніколі не выступалі і не маглі выступаць з заявамі пра тое, што пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне і зніжэнне ўзроўню жыцця грамадзян Беларусі маглі б спрыяць любым пазітыўным пераменам, у тым ліку дэмакратызацыі краіны", — падкрэслівае ён.

Апрача таго, Янукевіч заяўляе, што Партыя БНФ "паслядоўна адстойвае дзяржаўны суверэнітэт Беларусі і паслядоўна выступае супраць прысутнасці на тэрыторыі краіны любых замежных войскаў". "Мы катэгарычна заяўляем, што ніякае ўмяшальніцтва замежных войскаў на тэрыторыю Беларусі не можа быць апраўдана ніякімі мэтамі", — сказаў ён.

Янукевіч растлумачыў, што вымушаны звярнуцца з заявай пасля "шэрагу рэпартажаў у дзяржаўных СМІ і выступленняў афіцыйных асоб, у якіх недарэчна ўзгадвалася Партыя БНФ у звязку з палітычнымі заявамі асобных грамадзян Беларусі".

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 10 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/215/13443
Текущая дата: 07.11.2024