Белорусский портал в Казахстане

Еўрасаюз у адносінах з Беларуссю робіць стаўку на апазіцыю, а не на дыялог з уладай



У гэтым упэўнены кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Яго заява журналістам была паказаная вечарам 6 красавіка беларускімі дзяржаўнымі каналамі.

Як лічыць Макей, у наяўнай сітуацыі "не застаецца нічога іншага, акрамя як думаць, што рэальна Захаду дыялог з Беларуссю не патрэбны".

"Яны робяць стаўку на апазіцыю. Яны адкрыта гавораць аб тым, што лідары апазіцыі, маргінальныя па сваёй сутнасці, павінны прыйсці да ўлады. А ў апошні час адкрыта гучыць і наступная тэма, што гэтыя лідары павінны забяспечыць ім прыватызацыю пад сябе дзяржаўнай уласнасці і рэсурсаў, якія былі створаныя беларускім народам", — падкрэсліў Макей.

У якасці прыкладу ён прывёў адну з заяў еўракамісара Андрыса Піебалгса падчас апошняга пасяджэння Еўрапарламента. Паводле слоў Макея, сутнасць яго зводзіцца да наступнага: "мы ўжо гатовы есці беларускі пірог, як толькі наступяць прыдатныя ўмовы, чытай: як толькі апазіцыя прыйдзе да ўлады".

Пры гэтым Макей звярнуў увагу, што "за кожным ударам па Беларусі і народу з боку ЕС стаяць канкрэтныя лідары апазіцыі, якія заклікаюць да ўвядзення і ўзмацнення санкцый супраць канкрэтных прадпрыемстваў, грамадзян і супраць краіны ў цэлым".

"Я ўспамінаю свае сустрэчы з таварышам Калякіным і спадаром Лябедзькам, калі працаваў у Савеце Еўропы, а яны выступалі на пасяджэннях розных камітэтаў. Гэта было ў канцы 1990-х гадоў. Паверце, нічога не змянілася. Тыя ж самыя фразы гучаць і сёння: таталітарны рэжым і санкцыі", — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Макей таксама нагадаў, як "адзін з дзеячаў БНФ нейкі Піменаў заклікаў нават да таго, каб увесці войскі НАТО на тэрыторыю Беларусі нібыта для абароны незалежнасці краіны". "І апазіцыя цалкам складаецца з такіх вось піменавых", — зрабіў выснову кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі.

Ён упэўнены, што апазіцыя ў Беларусі "не мае масавай падтрымкі сярод людзей, а ўзоры брусельскай брусчаткі ёй знаёмыя больш, чым малюнкі тратуараў Хойнікаў або Брагіна".

Больш за тое, прадоўжыў Макей, непрадуманымі дзеяннямі кшталту заклікаў да санкцый апазіцыя адштурхоўвае ад сябе людзей. "Ужо сёння паступаюць іскі ад працоўных калектываў, работнікі якіх патрабуюць кампенсаваць урон, нанесены ад увядзення санкцый. Не магу ўявіць сабе, напрыклад, каб гэты апазіцыйны дзеяч, які заклікаў да санкцый, прыехаў на прадпрыемства, якое трапіла пад рэжым санкцый. Пасля гэтага, напэўна, уладзе трэба было б да кожнага такога апазіцыйнага дзеяча прыставіць па міліцыянеру, каб ахоўваць яго ад людзей", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

"Сваімі абсурднымі дзеяннямі апазіцыя давяла сябе да таго, што людзі ад яе дзеячаў шарахаюцца, як ад пракажоных. А што самае галоўнае для любой палітычнай сілы? Мець падтрымку сярод народа. Калі не будзе такой падтрымкі, як вынік, будзе палітычнае забыццё", — перакананы Макей.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/216/13377
Текущая дата: 30.11.2024