Аб перавагах для грамадзян расказала журналістам кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава на прэс-канферэнцыі на тэму "Галоўныя змяненні ў разліках бальнічных з 2024 года" ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
У ліку пераваг - павышэнне мінімальнага памеру бальнічных: ён будзе вылічвацца з памеру мінімальнай заработнай платы, якая складае на сёння Br554. У дзеючых умовах мінімальны памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці - гэта 50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму, гэта значыць Br176. Такім чынам, з пачатку наступнага года мінімальны памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці вырасце фактычна ў тры разы.
Павялічыцца памер бальнічных для тых, хто працуе 10 і больш гадоў. Для грамадзян, якія выплачваюць узносы ў бюджэт Фонду сацабароны насельніцтва 10 гадоў і больш, бальнічны будзе вылічвацца з першага дня надыходу выпадку часовай непрацаздольнасці ў памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага заработку. Калі працягласць выплаты ўзносаў у бюджэт фонду меншая за 10 гадоў, памер дапамогі складзе 80 працэнтаў сярэднядзённага заработку на працягу ўсёй працягласці хваробы. Сёння формула крыху іншая: яна адзіная для ўсіх і не залежыць ад працягласці выплаты ўзносаў у бюджэт ФСАН: з 1-га па 12-ы дзень кампенсуецца 80 працэнтаў, з 12-га - 100 працэнтаў страчанага заработку.
Павялічыцца памер сярэднядзённага заработку, што прымяняецца для разліку бальнічных. У разліковую велічыню будуць уключацца ўсе выплаты, на якія налічаны ўзносы ў бюджэт фонду на сацыяльнае страхаванне. "Такім чынам, усе выплаты, на якія налічваюцца 6 працэнтаў, будуць удзельнічаць у формуле разліку сярэднядзённага заработку, - растлумачыла Юлія Берднікава. - На сёння формула прадугледжвае выключэнне з сярэднядзённага заработку разавых выплат: матэрыяльнай дапамогі, дапамогі на аздараўленне - гэта значыць тых разавых выплат, якія не звязаны з выкананнем працоўных функцый".
Яшчэ адна навацыя - бальнічныя будуць назначацца толькі па асноўным месцы работы, але з улікам заработку ва ўсіх работадаўцаў, у тым ліку былых. Сёння гэта так: калі чалавек захворвае, ён прадастаўляе лісток часовай непрацаздольнасці па сваім асноўным месцы работы і работадавец назначае дапамогу па часовай непрацаздольнасці. Пры гэтым ФСАН забяспечвае работадаўцу двума параметрамі: працягласць выплаты ўзносаў у бюджэт фонду і памер сярэднядзённага заработку. З 1 студзеня 2024 года функцыю разліку дапамог бярэ на сябе ФСАН. Разлік будзе весціся з улікам заработку не толькі па асноўным месцы работы. У разлік будуць браць усе дзеючыя, а таксама папярэднія ў разліковым перыядзе месцы работы.
"У новых умовах права на бальнічны будзе вызначацца пры ўмове непрацаздольнасці па ўсіх месцах работы, - падкрэсліла Юлія Берднікава. - Калі чалавек захворвае і ў яго некалькі месцаў работы, неабходна, каб перыяд непрацаздольнасці быў адлюстраваны па кожным месцы работы - як па асноўным, так і па сумяшчальніцтве. Калі складуцца ўмовы, што па асноўным месцы работы ён знаходзіўся на бальнічным, але па сумяшчальніцтве ўсё ж такі выконваў працоўную функцыю, дапамога па непрацаздольнасці яму не будзе назначана, таму што ў гэты перыяд ён не страціў поўнасцю заработак".
Усе гэтыя прэферэнцыі, якія атрымаюць грамадзяне з 1 студзеня 2024 года, абумоўлены пашырэннем разліковага перыяду, адзначыла кіраўнік фонду. Цяпер у разліковы перыяд, які вызначае дапамогу па часовай непрацаздольнасці, уваходзіць заработак за 6 каляндарных месяцаў. У новых умовах ён пашырыцца да 18 каляндарных месяцаў, што папярэднічаюць кварталу, у якім настаў выпадак часовай непрацаздольнасці або цяжарнасці і родаў. Пры гэтым будзе ўлічвацца заработак па ўсіх месцах работы, дзе грамадзянін быў працаўладкаваны і выконваў працоўную функцыю, за якую выплачваліся ўзносы ў бюджэт ФСАН.
7 чэрвеня 2023, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/22/69626
Текущая дата: 24.11.2024