Белорусский портал в Казахстане

Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў прыгавораны да смяротнай кары



Вярхоўны суд Беларусі прыгаварыў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да смяротнай кары без канфіскацыі маёмасці. Такое рашэнне абвясціў 30 лістапада суддзя Аляксандр Федарцоў.

Канавалаў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, тэрарызме, спалучаным з забойствам людзей. Паводле ч. 2 арт. 339 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі, паводле ч. 3 арт. 339 — 5 гадоў; ч. 2 арт. 218 — 4 гады; ч. 2 арт. 295 — 4 гады; ч. 3 артт. 295 — 5 гадоў; ч. 1 арт. 289 — 12 гадоў; ч. 2 арт. 289 — 20 гадоў; ч. 3 арт. 289 — смяротнай кары. Па сукупнасці злачынстваў Канавалаў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу — без канфіскацыі маёмасці.

Кавалёў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, неданясенні аб падрыхтоўцы асабліва цяжкага злачынства, аб ўчыненні асабліва цяжкага злачынства і асобе, якая яго ўчыніла, аб месцы яго знаходжання, а таксама ў дапамаганні тэрарызму. Паводле ч. 1 арт. 406 КК ён прыгавораны да 3 месяцаў арышту; паводле ч. 2 арт. 406 — 1 года пазбаўлення волі; ч. 2 арт. 339 — 2 гадам; ч. 3 арт. 339 — 3 гадам; ч. 2 арт.218 — 3 гадам; ч. 2 арт. 295 — 4 гадоў; ч. 3 арт. 295 — 5 гадоў пазбаўлення волі; паводле ч. 6 арт.16 і ч. 3 арт. 289 — да вышэйшай меры пакарання ў выглядзе расстрэлу. Па сукупнасці злачынстваў Кавалёў асуджаны на смяротную кару.

Суд таксама прызнаў Канавалава і Кавалёва "асобамі, якія ўяўляюць выключную небяспеку для грамадства".

Пасля абвяшчэння вердыкту ў зале суда раздаліся крыкі "Ганьба!" і "На мыла!". Канавалаў і Кавалёў ніяк не адрэагавалі на прыгавор, але было відаць, што Кавалёў напружаны, а Канавалаў — у стане апатыі.

Прыгавор Вярхоўнага суда абскарджанню ў канстытуцыйным парадку не падлягае, але, як заявіў суддзя Федарцоў, абвінавачаныя маюць права звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам аб памілаванні.

Калі людзі пакідалі залу, таксама чуліся крыкі "Ганьба!", "Не верым!", "Каты!", "Дзіма, скажы што-небудзь!".

Згодна з прыгаворам, прадметы, якія забралі з месцаў выбухаў у 2005 годзе ў Віцебску, а таксама ў 2008 і 2011 гадах у Мінску, павінны быць знішчаныя. Таксама павінна быць знішчана пашкоджанае адзенне пацярпелых і прылады, знойдзеныя ў падвале дома Канавалава.

Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з Канавалава і Кавалёва ўрон, нанесены пацярпелым у выніку тэрактаў у 2005, 2008 і 2011 гадах, а таксама сродкі, затрачаныя ўстановамі аховы здароўя на іх лячэнне.

З асуджаных таксама пастаноўлена спагнаць працэсуальныя расходы за працу адвакатаў. Іх маёмасць, на якую быў накладзены арышт, будзе вернута ў лік пагашэння іскаў.

Другая частка сённяшняга пасяджэння пачалася са спробы адваката Кавалёва Станіслава Абразея звярнуць увагу суддзі Федарцова на тое, што, нягледзячы на забарону суда, з балкона актавай залы вядзецца відэаздымка. На гэта старшыня ў судзе ніяк не адрэагаваў. Хто вёў відэаздымку, у зале не было відаць; паводле неафіцыйнай інфармацыі, прамыя ўключэнні з залы Дома правасуддзя вёў адзін з дзяржаўных тэлеканалаў.

Варта таксама адзначыць, што некаторых адвакатаў, якія займалі свае месцы пасля перапынку, зала вітала апладысментамі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 30 лістапада 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/227/10867
Текущая дата: 30.11.2024