Белорусский портал в Казахстане

Парламент прыняў у двух чытаннях змяненні ў закон аб масавых мерапрыемствах



Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла адразу ў двух чытаннях законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь".

Пасяджэнне, на якім абмяркоўваўся праект закона, прайшло 3 кастрычніка ў другой палове дня пры адсутнасці журналістаў. Пра яго стала вядома толькі зараз з паведамлення, размешчанага на сайце ніжняй палаты.

Характэрна, што сярод матэрыялаў, якія раздавалі журналістам 3 кастрычніка перад адкрыццём восеньскай сесіі палаты, згаданага законапраекта не было.

Як паведамляе прэс-служба палаты, прадстаўлялі дакумент намеснік міністра ўнутраных спраў Яўген Полудзень і намеснік старшыні парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Анатоль Глаз. Пры гэтым тэкст дакумента не публікуецца.

Сёння ў 14.30 у Палаце прадстаўнікоў адбудзецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная прыняццю гэтага закона.

Прэс-служба палаты таксама паведамляе, што на вячэрнім пасяджэнні парламента быў прыняты ў двух чытаннях законапраект "Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь". Якія — не канкрэтызуецца. Яго прадстаўлялі міністр юстыцыі Віктар Галаванаў (4 кастрычніка ён быў адпраўлены ў адстаўку. — БелаПАН.) і кіраўнік парламенцкай камісіі па правах чалавека Аляксандр Юшкевіч.

Нагадаем, унясенне паправак у закон аб масавых мерапрыемствах МУС ініцыявала летам, калі па ўсёй Беларусі штотыднёва праводзіліся акцыі маўклівага пратэсту грамадзян, не згодных з палітыкай кіраўніцтва краіны. У першапачатковым варыянце законапраект прыраўноўваў да пікетавання нават бяздзеянне арганізаванае ў тым ліку праз інтэрнэт для публічнага выказвання сваіх поглядаў.

Аднак, як стала вядома з неафіцыйных крыніц, у дакуменце, прынятым 3 кастрычніка, гэта норма адсутнічае.

На стадыі распрацоўкі законапраект выклікаў вялікі грамадскі рэзананс. Прадстаўнікі апазіцыі расцанілі папраўкі як спробу падвесці юрыдычную базу пад дзеянні праваахоўных органаў, якія жорстка разганялі ўдзельнікаў мірнага пратэсту, а суды — выносілі ім абвінаваўчыя прыгаворы, накладалі штрафы і арыштоўвалі.

8 кастрычніка больш чым у 25 гарадах Беларусі павінна прайсці апазіцыйная акцыя "Народны сход". У Мінску яе плануецца правесці на плошчы Бангалор, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў афіцыйна дазволена. Арганізатары акцыі не сталі падаваць заяўку на правядзенне сходу і палічылі, што яго фармат гэтага не патрабуе. На Народным сходзе плануецца абмеркаваць актуальныя эканамічныя і сацыяльна-палітычныя праблемы краіны, а таксама выбраць прадстаўнікоў, якія перададуць патрабаванні ўдзельнікаў сходу ўладам.

Арганізатары акцыі мяркуюць, што папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах выкліканы рэакцыяй улад на рост пратэстных настрояў у грамадстве.

"Напэўна, сацыялагічныя службы КДБ паведамляюць вышэйстаячаму начальству аб сапраўдных настроях у грамадстве, а іменна: аб росце пратэставых настрояў", — выказаў меркаванне на прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка сустаршыня аргкамітэта Народнага сходу Віктар Івашкевіч. Такім чынам, мяркуе ён, улады рыхтуюцца да верагодных пратэстаў насельніцтва, звязаных з ростам цэн, беспрацоўем, дэвальвацыяй.

Пры гэтым Івашкевіч падкрэслівае: прыняццем паправак у закон аб масавых мерапрыемствах праблемы не вырашыць. "Людзей хвалюе, што растуць цэны, што яны бяднеюць. Ніякімі папраўкамі ў закон аб масавых мерапрыемствах прычыны незадаволенасці людзей не ўбраць. Гэта бессэнсоўныя крокі з боку ўлад", — упэўнены ён.

Яшчэ адзін сустаршыня аргкамітэта, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч мяркуе, што прынятыя парламентам папраўкі не павінны адбіцца на правядзенні агульнарэспубліканскай акцыі, таму што закон зваротнай сілы не мае. "Усё, што рабіў аргкамітэт, рабілася ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Папраўкі будуць дзейнічаць толькі пасля апублікавання законапраекта", — падкрэсліў Фядыніч.

Пры гэтым ён падкрэсліў: удзельнікі маючага адбыцца Народнага сходу не збіраюцца парушаць парадак.

Таццяна Каравянкова, Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 5 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/233/9606
Текущая дата: 06.11.2024