Белорусский портал в Казахстане

Апазіцыя Беларусі збіраецца для абмеркавання магчымасці дыялогу з уладамі



Лідары апазіцыйных партый і рухаў маюць намер сабрацца сёння для абмеркавання магчымасці дыялогу з уладамі. Сустрэча плануецца ў другой палове дня ў офісе Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП) без удзелу СМІ.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка на нарадзе педагагічнага актыву ў Мінску прапанаваў "усім людзям цвярозага розуму, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагера яны ні належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне". "Хочаце змагацца — калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даказвайце, што маеце рацыю, адстойвайце свой пункт гледжання", — дадаў Лукашэнка.

Як паведаміў БелаПАН старшыня АГП Анатоль Лябедзька, на гэты момант свой удзел у сустрэчы пацвердзілі прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", рухаў "За Свабоду" і "Гавары праўду!", аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". "Мы павінны выпрацаваць сваю пазіцыю паводле заявы Лукашэнкі, а таксама падрыхтаваць план дзеянняў у выпадку развіцця розных сцэнарыяў", — адзначыў лідар АГП.

На думку Лябедзькі, магчымыя як мінімум тры сцэнарыі далейшых дзеянняў улады. "Першы — тое, што мы ўжо праходзілі: спроба шырокага дыялогу, калі незразумела, з кім наогул ён вядзецца і якія пытанні абмяркоўваюцца. Другі — спроба рэанімаваць Грамадска-кансультацыйны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта. І трэці — рэальныя перамовы, як гэта ўжо было ў канцы 90-х пры пасрэдніцтве Віка (Ханс-Георг Вік — былы кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ ў Мінску. — БелаПАН.)", — лічыць палітык.

Пры гэтым ён заявіў: перамовы паміж уладай і апазіцыяй не могуць пачацца да таго часу, пакуль застаюцца ў турмах фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня. "Ва ўлады ёсць шанс прыйсці на перамовы моцнай — гэта справа трох хвілін і аднаго подпісу. Вырашэнне пытання палітзняволеных таксама ўзмоцніць пазіцыі Мінска пры перамовах з міжнароднымі структурамі", — падкрэсліў Лябедзька.

Учарашнюю заяву Лукашэнкі лідар АГП пакуль расцэньвае як "зробленую спецыяльна для МВФ". "Ці былі гэта проста словы або рэальная гатоўнасць да дыялогу, мы ўбачым найбліжэйшым часам", — дадаў Анатоль Лябедзька.

На пасяджэнні 29 жніўня Савет дырэктараў МВФ меўся разгледзець заяўку Беларусі на выдзяленне крэдыту ў памеры ад 3,5 да 8 мільярдаў долараў ЗША. Пра вынікі пасяджэння пакуль не паведамляецца.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 30 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/236/8909
Текущая дата: 06.11.2024