Белорусский портал в Казахстане

Хваля з Турцыі дайшла за 4 хвіліны: як у Беларусі фіксуюць землятрусы



Прынята лічыць, што Беларусь у плане сейсмічнай актыўнасці – ціхі і спакойны рэгіён. Аднак штогод у краіне адбываецца да 100 землятрусаў. Сіла штуршкоў невялікая, таму людзі практычна іх не адчуваюць.

Беларускія сейсмолагі назіраюць, дзе і якія землятрусы адбываюцца па ўсім зямным шары. У Цэнтры геафізічнага маніторынгу Нацыянальнай акадэміі навук ёсць спецыяльная апаратура, сейсмічныя датчыкі, праграмнае забеспячэнне, якія дазваляюць рэгістраваць і апрацоўваць землятрусы ў шырокім дыяпазоне адлегласцей і энергій.

Напрыклад, у дзень нашага прыезду спецыялісты "засеклі" некалькі падземных штуршкоў і афтэршокаў ачагоў землятрусаў на мяжы Таджыкістана і Кітая.

Якая ў Беларусі сейсмічная абстаноўка, адкуль бяруцца землятрусы ў нашай краіне, якой максімальнай сілы яны могуць быць і як паўплывалі на нашу сейсмаактыўнасць разбуральныя штуршкі ў Турцыі і Сірыі? 

У цэнтры Беларусі

Сетка сейсмалагічных назіранняў у нашай краіне складаецца з дзвюх геафізічных абсерваторый у Мінскай вобласці і 16 сейсмічных станцый, якія знаходзяцца ў межах асабліва адказных аб’ектаў – на тэрыторыі Салігорскага прамысловага раёна і вакол Беларускай атамнай электрастанцыі.

Першыя сейсмалагічныя назіранні арганізавалі на базе геафізічнай абсерваторыі "Плешчаніцы", якая была заснавана ў 1958 годзе. Месцазнаходжанне абсерваторыі выбрана не выпадкова: паблізу няма ні чыгунак, ні буйных прамысловых прадпрыемстваў, тэхнагенная дзейнасць якіх магла б уплываць на якасць рэгістрацыі сейсмічных падзей. Акрамя таго, лічыцца, што Плешчаніцы – гэта геаграфічны цэнтр Беларусі.

Першапачаткова ў абсерваторыі ўстанавілі апаратуру для вывучэння геамагнітнай абстаноўкі, умовы ідэальна падыходзілі для вымярэння параметраў геамагнітнага поля Зямлі. Тут і дагэтуль функцыянуе адзіная ў Беларусі геамагнітная станцыя.

Сейсмічную актыўнасць беларускія навукоўцы сталі вывучаць крыху пазней, калі па свеце пракацілася хваля разбуральных землятрусаў – у Чылі ў 1960 годзе (магнітуда 9,5), на Алясцы ў 1964 і 1965 гадах (9,2 і 8,7 адпаведна) і гэтак далей. Тады геафізікі і прыйшлі да неабходнасці арганізацыі сейсмалагічных назіранняў у Беларусі.

Усё пад кантролем?

У 1960-я гады ў абсерваторыі было ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне – шырокапалосныя датчыкі, якія рэгістравалі сейсмічныя падзеі з вывадам атрыманых даных на фотапаперу. Затым на змену фотафіксацыі прыйшла апаратура з чарнільнымі і тэрма-самапісцамі з запісамі землятрусаў на спецыяльную папяровую стужку. Вынікі апрацоўкі тых гадоў беражліва захоўваюцца ў спецыяльна абсталяваным памяшканні абсерваторыі.

З часам з’явілася новае сучаснае высокаадчувальнае лічбавае абсталяванне, яно дазваляе рэгістраваць землятрусы па ўсім зямным шары – ад наймацнейшых глабальных да мясцовых мікраштуршкоў.
Сейсмічныя датчыкі размешчаны ў бункеры абсерваторыі на маналітных пастаментах, паглыбленых у зямлю на паўтара метра. Адчувальныя прыёмнікі ўлоўліваюць хвалі, якія паступаюць на ўваход сейсмометра, далей на камп’ютар дзяжурнага назіральніка і з дапамогай спецыяльнай праграмы пераўтвараюцца ў сейсмаграму.

"Кругласутачныя сейсмічныя назіранні вядуцца з 1965 года. Ніводнага дня не было, каб тут не знаходзіліся людзі, нават у выхадныя і святы дзяжурныя сочаць за абстаноўкай. Так што ўсё пад кантролем", - уводзіць у курс справы загадчыца геафізічнай абсерваторыяй "Плешчаніцы" Ларыса Пусташыла.

Паводле яе слоў, у свеце кожны дзень недзе адбываюцца падземныя штуршкі, вядома, не ўсе даходзяць да Беларусі – усё залежыць ад магутнасці землятрусу і глыбіні ачага.

Спецыялісты выводзяць на экран адну з сейсмаграм – у дзень нашага прыезду ў абсерваторыю здарыўся магутны землятрус магнітудай 6,7 на мяжы Таджыкістана і Кітая. Звестак аб разбурэннях і ахвярах не паступала.

"Рэгістраваныя землятрусы мы ў асноўным тут не адчуваем. Да нас даходзяць толькі сейсмічныя хвалі. Па часе прабегу тых ці іншых фаз хваль пры дапамозе спецыяльнай методыкі мы можам вызначыць, дзе ён адбыўся і якой сілы, а таксама іншыя параметры", - кажа загадчыца.

Загадкавы глобус

"А вось як выглядае адзін з землятрусаў, які адбыўся 20 лютага ў Турцыі магнітудай 6,2", – паказвае камп’ютарную сейсмаграму інжынер першай катэгорыі Святлана Белая.

За амаль 40 гадоў працы ў абсерваторыі на яе памяці мноства наймацнейшых землятрусаў – у Карпатах у 1986 і 2004 гадах, калі штуршкі адчуваліся і ў Мінску; у Інданезіі ў 2004-м; у Чылі ў 2010-м; у Японіі ў 2011-м…

Сейсмаграму першага землятрусу, які здарыўся ў Турцыі 6 лютага 2023 года, мы не знайшлі: інфармацыя захоўваецца на працягу пяці дзён, пасля чаго адсылаецца ў Цэнтр геафізічнага маніторынгу ў Мінск. Перад намі даныя іншага турэцкага землятрусу – за 20-е чысло. За простымі лічбамі і рысачкамі – мноства чалавечых ахвяр: дзесяткі тысяч загінулі, сотні тысяч паранены, каля мільёна засталіся без прыстанішча…

У Плешчаніцкай абсерваторыі працуюць 12 чалавек, у тым ліку дзяжурныя назіральнікі, якія, мяняючы адзін аднаго, знаходзяцца тут цэлыя суткі. Дзень і ноч вядзецца маніторынг сейсмічнай актыўнасці, праспаць землятрус немагчыма.

"Калі недзе ў свеце здараюцца моцныя штуршкі – спрацоўвае гукавы сігнал, і мы на працягу 20-45 хвілін, у залежнасці ад аддаленасці эпіцэнтра, павінны апрацаваць даныя і перадаць зводку ў службу тэрміновых данясенняў Геафізічнай службы Расійскай акадэміі навук у горадзе Обнінск", - адзначае Ларыса Пусташыла.

Акрамя сучаснай апаратуры, у абсерваторыі да гэтага часу засталося абсталяванне і інструменты, з дапамогай якога раней можна было вызначыць месцазнаходжанне землятрусу. Хочаце верце, хочаце не – гэта проста глобус.

Глобус гэты, праўда, не зусім звычайны: яго верхняя вось, зрушаная з Паўночнага полюса Зямлі, знаходзіцца, як сцвярджаюць самі супрацоўнікі абсерваторыі, "у цэнтры Плешчаніц".

"Гэта ўнікальны глобус. Па-першае, ён нам служыць з моманту адкрыцця абсерваторыі. А, па-другое, гэта самая сапраўдная працоўная прылада. Маючы даныя аб часе прыходу хваль, можна прыблізна вызначыць месца, дзе здарыўся землятрус. Хібнасць – мінімальная", - прызнаецца загадчыца абсерваторыі.

Цяпер глобус у большасці сваёй выкарыстоўваецца як рэквізіт, паколькі ўжо ёсць іншая, больш сучасная апаратура і спадарожнае праграмнае забеспячэнне, здольныя з высокай дакладнасцю вылічваць эпіцэнтр падземных штуршкоў. Аднак, калі адбудзецца збой у працы абсталявання (наўрад ці такое можа здарыцца, але тым не менш), трохмерная мадэль нашай планеты можа быць ізноў прыстасаваная.

Дзе ў Беларусі адбываюцца землятрусы?

Паводле слоў спецыялістаў, сёння ў Беларусі нармальная сейсмічная абстаноўка. Максімальна магчымая магутнасць землятрусу ў нашай краіне – 7 балаў па 12-бальнай шкале MSK-64 (шкала інтэнсіўнасці землятрусаў Мядзведзева – Шпонхойера – Карніка).

"Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца на захадзе старажытнай Усходне-Еўрапейскай платформы. Гэта адзіны рэгіён, куды таксама ўваходзяць Прыбалтыка, заходнія раёны Расіі, паўночныя раёны Украіны. Дастаткова спакойны ў сейсмічных адносінах рэгіён. Верхні парог магчымай магнітуды – 4,5", - інфармуе галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук Аркадзь Аронаў.

У Беларусі ўсе землятрусы адбываюцца ў асноўным у Салігорскім горнапрамысловым раёне, дзе працуе калійны камбінат. Яны даволі слабыя, за ўвесь перыяд назіранняў было пяць найбольш адчувальных штуршкоў.

"Каля 3-4 балаў. Чалавек звычайна 1-2 балы не адчувае. Можа прапусціць і 3-бальныя штуршкі, калі эпіцэнтр знаходзіцца ў горадзе", - удакладняе навуковец.

Паводле яго слоў, апошні адчувальны землятрус у Беларусі быў у 1998 годзе. Аднак, акрамя яго, адчуваліся і некаторыя "транзітныя" штуршкі.

"Найбольшае ўздзеянне аказваюць землятрусы, якія адбываюцца ва Усходніх Карпатах у Румыніі. Гэта так званая зона Вранча – на адлегласці каля 1 000 км ад Мінска. Максімальная магнітуда ў гэтай сейсмаактыўнай зоне можа дасягаць 8,3. Ад румынскіх землятрусаў мы ацэньвалі верхні парог сейсмічных уздзеянняў на нашу тэрыторыю ў 5 балаў", - тлумачыць Аронаў.

Ці паўплывалі землятрусы ў Турцыі і Сірыі на Беларусь?

Пасля жахлівых землятрусаў у Турцыі і Сірыі, дзе ўвогуле загінула больш за 45 тысяч чалавек, сейсмічная актыўнасць у Беларусі не ўзмацнілася.

"Па-першае, гэта дастаткова далёка, нашы краіны знаходзяцца ў розных тэктанічных умовах. Што тычыцца сейсмічных хваль ад гэтых землятрусаў, якія распаўсюджваюцца ў зямной кары, яны да нас дайшлі крыху больш за 4 хвіліны. З эпіцэнтральнай зоны ў Турцыі мы ўпэўнена рэгіструем падзеі, пачынаючы з магнітуды 4", - адзначае галоўны навуковы супрацоўнік цэнтра.

"Паўночныя патокі", КНДР, Украіна

У верасні мінулага года плешчаніцкай абсерваторыяй быў зафіксаваны адзін з некалькіх выбухаў на газаправодзе "Паўночны паток" у Балтыйскім моры.

"Адзін выбух, найбольш магутны, мы зарэгістравалі дастаткова добра. Вызначылі па нашай сетцы нават месца выбуху, пасля чаго ўдакладніліся з прыцягненнем іншых міжнародных станцый. Таксама нашы спецыялісты фіксуюць ядзерныя выпрабаванні ў Паўночнай Карэі, выбухі і невялікія землятрусы ва Украіне, якія адбываюцца на поўначы гэтай краіны. Калі самалёт пераадольвае гукавы бар’ер і ідзе акустычны ўдар аб зямлю, мы таксама чуем", - кажа Аркадзь Аронаў.

Ці можна прагназіраваць землятрус?

Паводле слоў навукоўца, прагноз мае тры складальнікі – месца, сілу і час. Што да першых двух фактараў, спецыялісты ўжо дастаткова добра разабраліся ў гэтым пытанні. Складаюцца карты сейсмічнага раянавання, у якіх паказваецца верагоднасць паўтарэння таго ці іншага землятрусу, узнікнення яго з той ці іншай сілай.

Такія карты ёсць у кожнай краіны, іх выкарыстоўваюць для будаўніцтва, каб разумець, якія нормы сейсматрываласці трэба ўлічваць. Аднак што тычыцца трэцяга фактару – часу – навука пакуль што не ў сілах вырашыць гэтае пытанне.

"Прагноз – гэта палка аб двух канцах. Калі ёсць нейкія прадвеснікі ў змене электрычнага і геамагнітнага палёў, у параметрах сейсмічнага рэжыму, а таксама ў паводзінах жывёл – што павінна адбыцца далей? Эвакуацыя насельніцтва, прыпынненне вытворчасцей. Але, скажам, землятрус не здарыўся. Замест гэтага – вялізныя эканамічныя страты. І другі бок пытання: ёсць геафізічныя змены, навукоўцы своечасова не сказалі, а землятрус здарыўся. Шалёныя ахвяры", - канстатуе субяседнік.

Ён кажа, што да таго часу, пакуль прагноз не будзе дакладным хаця б на 90%, прадказваць час і месца будзе немагчыма. На дадзены момант у многіх рэгіёнах свету працуюць прагнозныя станцыі – такія ёсць у Таджыкістане, Узбекістане, на Камчатцы. Але, на жаль, дакладны час землятрусу з дакладнасцю да некалькіх дзён прадказаць яны не ў сіле.

Куды перадаюцца сейсмаданыя з Беларусі?

Інфармацыя аб сейсмічнай актыўнасці ў нашай краіне перадаецца ў зацікаўленыя рэспубліканскія ведамствы і розныя міжнародныя цэнтры. Беларусь цесна працуе з геафізічнай службай Расійскай акадэміі навук, а таксама міжнародным сейсмалагічным цэнтрам у Англіі, куды перадаюцца даныя з усяго свету.

Нашы сейсмаграмы там таксама ўлічваюцца, разглядаюцца, выкарыстоўваюцца для апрацоўкі. Сабраныя звесткі падлягаюць вечнаму захоўванню і з’яўляюцца своеасаблівым летапісам планеты.
"Раней працавалі таксама з Еўрапейскім-Міжземнаморскім цэнтрам, які знаходзіцца ў Францыі, але зараз прыпынілі супрацоўніцтва з-за адсутнасці зацікаўленасці з таго боку", - адзначае Аркадзь Аронаў.

Sputnik
, 4 красавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/24/68966
Текущая дата: 24.11.2024