Белорусский портал в Казахстане

Абвінавачваныя ў выбуху ў мінскім метро падазраюцца ва ўчыненні яшчэ больш чым дзясятка злачынстваў



Устаноўлена дачыненне абвінавачваных у тэракце ў мінскім метро да 14 злачынстваў з 2000 па 2011 гады. Пра гэта паведаміў 31 мая намеснік генпракурора Андрэй Швед.

Злачынствы былі ўчыненыя ў адным з мікрараёнаў Віцебска галоўным чынам з ужываннем самаробных выбуховых прылад. Следства збірае неабходныя доказы для завяршэння расследавання гэтых фактаў і для прад`яўлення абвінавачання ва ўчыненні злачынстваў.

Паводле слоў Шведа, устанаўліваюцца прычыны і ўмовы, якія дазволілі абвінавачваным такі працяглы час учыняць злачынствы. Намеснік генпракурора заявіў, што гэта адбылося пры патуранні службовых асоб праваахоўных органаў, бяздзейнасці мясцовых улад, службаў ЖКГ, аховы здароўя, адукацыі, пры поўнай абыякавасці суседзяў, блізкіх, аднакласнікаў, аднагрупнікаў, якія ведалі пра тое, што абвінавачваныя маюць схільнасць да вырабу самаробных выбуховых прылад, выбухаў, падпалаў. "Ніхто пра гэта належным чынам дзяржаўныя органы або не інфармаваў, або дзяржорганы не прымалі належных мер да таго, каб спыніць іх злачынную дзейнасць", — канстатаваў Швед.

Нагадаем, як паведаміў Андрэй Швед журналістам 29 красавіка, па факце выбуху ў мінскім метро абвінавачанне ў тэрарызме (ч. 3 арт. 289 КК) прад`яўлена двум грамадзянам Беларусі. Аднаму з іх таксама прад`яўлена абвінавачанне ва ўчыненні тэрактаў 14 і 22 верасня 2005 года ў Віцебску і ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года ў Мінску.

Андрэй Швед заявіў, што ў 2009 годзе праваахоўныя органы ўжо мелі магчымасць выкрыць злачынца, які ўчыніў тэрарыстычны акт у 2008 годзе ў Мінску. Аднак з-за халатнасці службовых асоб гэтага зроблена не было. Гаворка ідзе пра тое, што абвінавачваны не быў дактыласкапіраваны падчас прызыву ў армію. Па факце халатнасці распачата крымінальная справа.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 31 мая 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/244/6842
Текущая дата: 26.12.2024