Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Затрыманне падазроных у арганізацыі і ўчыненні тэракта ў мінскім метро дазволіла прадухіліць новыя выбухі



Затрыманне падазроных у арганізацыі і ўчыненні тэракта ў мінскім метро дазволіла прадухіліць новыя выбухі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка на нарадзе аб ходзе раскрыцця і расследавання акалічнасцяў выбуху 11 красавіка ў мінскім метро, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Наша шчасце, што мы затрымалі гэтых нягоднікаў і прадухілілі некалькі такіх падзей", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта пацвярджаюць следчыя дзеянні. Разам з тым без адказу пакуль застаецца пытанне аб саўдзельніках і заказчыках тэракта, калі яны ёсць.

"У будучыні нам ні ў якім разе нельга дапусціць паўтору такіх падзей. Але для гэтага вельмі важна знайсці людзей, якія хоць неяк былі датычныя да гэтага", — зазначыў кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка падкрэсліў, што для яго "вельмі важна трымаць руку на пульсе". "Спрабуючы выбудаваць нейкую сістэму свайго ўдзелу ў расследаванні тэракта, я атрымліваю практычна ў рэжыме рэальнага часу інфармацыю ад аператыўных груп, якія працуюць па крымінальнай справе, — сказаў прэзідэнт. — Гэтая крымінальная справа павінна быць у самы кароткі тэрмін і якасна даведзена да суда".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на тую аператыўнасць, з якой працавалі і працягваюць працаваць усе службовыя асобы, што вядуць і адказваюць за следства. Пры гэтым ён падкрэсліў, што "ні ў якім выпадку нельга дапускаць як паслабленняў, так і нейкіх лішкаў у гэтай крымінальнай справе". "Таму што гэта асаблівая крымінальная справа, і яна застанецца не проста ў архівах, але і ў гісторыі нашай дзяржавы", — сказаў прэзідэнт. "Усё павінна быць па законе, сумленна і справядліва", — падкрэсліў Лукашэнка.

Прэзідэнт прыняў рашэнне штотыднёва праводзіць такія нарады, разглядаць прамежкавыя вынікі, не ўмешваючыся пры гэтым, паводле яго слоў, у ход следчых мерапрыемстваў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 22 красавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/245/6053
Текущая дата: 06.11.2024