Белорусский портал в Казахстане

У Мінску судзяць удзельнікаў акцый у Дзень Волі



Сёння ў Мінску пачаліся суды над удзельнікамі акцый, што прайшлі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.

Першай асуджана каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Ірына Губская. Суддзя суда Савецкага раёна Мінска Дзмітрый Паўлючэнка прызнаў яе вінаватай на падставе артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях ("Дробнае хуліганства") і пакараў трыма суткамі адміністрацыйнага арышту, паведаміў БелаПАН каардынатар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі. Актывістка павінна быць вызвалена сёння ў 18.15, таму што была затрымана ў гэты час 25 сакавіка.

Сёння адбудуцца суды над іншымі затрыманымі. Адміністрацыйную справу Віктара Івашкевіча, аднаго з лідараў аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларускі рух", паводле звестак праваабаронцаў, будзе разглядаць суд Савецкага раёна Мінска. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён таксама абвінавачваецца ў дробным хуліганстве — палітык нібыта нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы.

Аднаго з лідараў міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Мікалая Дземідзенку, хутчэй за ўсё, будуць судзіць у судзе Першамайскага раёна сталіцы.

Нагадаем, паводле звестак праваабаронцаў, падчас акцый з нагоды святкавання Дня Волі 25 сакавіка ў Мінску былі затрыманыя больш як сто чалавек. Большасць з іх адпушчаныя з аддзяленняў міліцыі без складання пратаколаў.

Афіцыйных звестак аб затрыманых ГУУС Мінгарвыканкама пакуль не паведамляе.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 28 сакавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/249/5469
Текущая дата: 06.11.2024