Белорусский портал в Казахстане

Гранты Прэзідэнта Беларусі назначаны 50 спецыялістам, якія працуюць у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, моладзевай палітыкі і ўнеслі значны ўклад у іх развіццё



Адпаведнае распараджэнне падпісаў 30 снежня кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Выдзеленыя гранты прадугледжаны на правядзенне даследаванняў і распрацовак у галіне матэрыялазнаўства, медыцынскіх, біялагічных, сельскагаспадарчых навук, на прымяненне сучасных методык, вучэбна-метадычных комплексаў, электронных вучэбных дапаможнікаў для павышэння якасці навучання студэнтаў і навучэнцаў.

Таксама яны накіраваны на стварэнне новых метадаў і медыцынскіх тэхналогій лячэння пацыентаў і дыягностыкі захворванняў у галіне хірургіі, анкалогіі, анестэзіялогіі, псіхіятрыі, на рэалізацыю творчых праектаў - твораў музычнага, тэатральнага і іншых відаў мастацтва, экспазіцый музеяў, захаванне нацыянальных традыцый ткацтва. За кошт грантаў прадугледжана і выкананне моладзевых праектаў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне, вывучэнне гістарычнай спадчыны, уключэнне моладзі ў грамадскую дзейнасць, павышэнне яе грамадзянскай актыўнасці.

Прыняцце распараджэння накіравана на падтрымку і развіццё прыярытэтных для Беларусі сацыяльных сфер дзейнасці - навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, моладзевых ініцыятыў.

30 снежня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/25/67721
Текущая дата: 06.10.2024