Алгалогія — гэта навука, якая вывучае востры і хранічны боль як асобны дыягназ.
У адрозненне ад некаторых іншых краін, у рэестры медыцынскіх спецыяльнасцяў у Беларусі такога кірунку пакуль няма і нашы медыцынскія ВНУ не рыхтуюць спецыялістаў гэтага профілю. Але ёсць асобныя медыкі, якія актыўна прасоўваюць перадавую навуку ў масы. Так, у Магілёве на базе бальніцы № 1 нядаўна адкрыўся кабінет болю, дзе на ногі (у прамым сэнсе гэтага слова, бо часцей за ўсё тут дапамагаюць пацыентам з болем у спіне) ужо паставілі не аднаго чалавека. Прыём пацыентаў вядзе урач-анестэзіёлаг аддзялення рэанімацыі Магілёўскай бальніцы № 1 Сяргей Гапановіч. Праўда, выключна на грамадскіх пачатках, бо ніхто яго ад прамых абавязкаў не вызваляў. І робіць тое, таму што ведае — за алгалогіяй будучае.
— Паводле міжнародных даследаванняў, кожны пяты зямлянін пакутуе на хранічны боль. На жаль, у Беларусі такіх даследаванняў пакуль не праводзілася, — рэзюмуе ён. — Але, напэўна, кожны з нас ведае людзей, якія вымушаныя гадамі жыць з болем у спіне, галаве, суставах. Яны частыя пацыенты бальніц і паліклінік, куды перыядычна звяртаюцца, каб пераадолець вострую фазу болю. Але цалкам ад яго не могуць пазбавіцца, ён — хранічны. Наш абавязак — ім дапамагчы.
Урач канстатуе: трываць боль няправільна і небяспечна. Хранічны, цягучы боль можа выклікаць нават кагнітыўныя парушэнні, якія суправаджаюцца пагаршэннем памяці, зніжэннем здольнасці канцэнтравацца. Працяглы боль можа стаць прычынай дэпрэсіі, як, уласна, і сама дэпрэсія — рухавіком хранічнага болю.
Цікавіцца алгалогіяй Сяргей Гапановіч пачаў гадоў 10 таму, а калі ў 2015 годзе ў Мінску ўпершыню праводзілася сустрэча ў рамках міжнароднай ініцыятывы Essentіal Paіn Management — асновы кіравання болем, быў адным з актыўных яе ўдзельнікаў. Той выпадак, калі ўрачы з розных краін свету дзеляцца перадавым вопытам, як супрацьстаяць хранічнаму болю.
— Гэта насамрэч вельмі важна, але недаацэнена, — кажа ўрач. — Першыя клінікі лячэння болю з’явіліся ў ЗША ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Ёсць яны і ў Расіі, але таксама на грамадскіх пачатках.
Суразмоўнік прытрымліваецца пазіцыі, што ўрач заўсёды павінен адукоўвацца.
А алгалогія — вельмі блізкі кірунак для анестэзіёлага. Яму вельмі важна разумець праблемы пацыента з хранічным болем. Сяргей Гапановіч пачынаў з таго, што самастойна дамаўляўся наконт стажыровак, браў водпуск на рабоце і ехаў атрымліваць новыя веды. Каб больш паглыбіцца ў праблему, ён вывучыў нават англійскую мову. Для паездак на стажыроўкі за мяжу вельмі важна яе ведаць. Валоданне мовай дае магчымасць унікаць у сутнасць навукі, непасрэдна задаваць пытанні спікерам з англамоўных краін. Ды і цікавыя публікацыі на англійскай мове ніхто спецыяльна для цябе перакладаць не будзе. Сяргей Гапановіч самастойна асвойваў літаратуру, набіраўся досведу ў вядучых клініках. Першая яго стажыроўка праходзіла ў цэнтры па лячэнні хранічнага болю пры ўніверсітэцкай клініцы ў Кёльне. Потым ездзіў у Аўстрыю, дзе функцыянуе вялікі міждысцыплінарны цэнтр лячэння хранічнага болю. Вяртаўся адтуль натхнёны і рашуча развіваў тэму. Сяргею пашчасціла з кіраўніцтвам: яго пачынанні падтрымліваў былы намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы бальніцы № 1 Аляксей Шчарбінскі. У 2018 годзе Сяргей Гапановіч атрымаў грант Прэзідэнта на развіццё кірунку лячэння хранічнага болю. Дзякуючы гранту і падтрымцы кіраўніцтва бальніцы ў Магілёве і з’явіўся першы ў краіне кабінет лячэння болю.
— Гэта вельмі важна, калі цябе разумеюць, — кажа суразмоўнік. — Алгалогія — гэта медыцына будучага. Сёння наша беларуская медыцына працуе па 10-м міжнародным класіфікатары хвароб, а будзе 11-ы, дзе хранічны боль прапісаны як асобная хвароба. Мы хутка паднімемся на гэтую прыступку і паўстане пытанне, хто будзе лячыць хранічны боль.
Магілёўскія ўрачы сталі ініцыятарамі стварэння ў Беларусі грамадскага таварыства медыцынскіх работнікаў па вывучэнні болю. Сёння яно аб’ядноўвае каля 180 чалавек з усёй краіны. Гэта ўрачы і медперсанал рознага профілю. Таварыства з’яўляецца членам адмысловай сусветнай арганізацыі. Каб у яе ўступіць, Сяргей Гапановіч падрыхтаваў прэзентацыю на англійскай мове і абараніў яе ў анлайн-рэжыме сярод сусветных спецыялістаў. Беларусаў аднагалосна падтрымалі іншыя краіны.
— Наша таварыства створана выключна з практычнай мэтай, — адзначае спецыяліст. — Мы збіраемся на канферэнцыі, чытаем лекцыі. Першая адбылася ў анлайн-рэжыме, калі ў краіне лютаваў жорсткі ковід, а другая прайшла ў Мінску ўжо афлайн. У ёй удзельнічаў і наш сябар — прэзідэнт Эстонскага таварыства болю Барыс Габовіч.
Магілёўскія алголагі прапаведуюць мультыдысцыплінарны падыход, лечаць боль незалежна ад яго паходжання, бо хранічны боль — гэта ўжо боль усяго арганізма. Алголаг дапамагае пацыенту ацэньваць свой болевы стан па 10-бальнай шкале. Каб чалавеку было прасцей сарыентавацца, яму прапануюць нешта накшталт тэста, дзе пад лічбамі намаляваны яшчэ і смайлікі. Вунь той чырвоны — дзясятка, інакш кажучы, невыносны боль. Для ўрача вельмі важна паставіць найбольш правільны дыягназ болю, каб больш эфектыўна з ім змагацца.
— Мы памяншаем боль з высокіх лічбаў да больш нізкіх шляхам тлумачэння яго сутнасці і давання парад, як яго пераадольваць, падбіраем адмысловую фармакатэрапію, — кажа Сяргей Гапановіч. — Не заўсёды хранічны боль можна вылечыць, але магчыма палепшыць якасць жыцця. Калі чалавек прыйшоў да нас з хворай паясніцай, не факт, што ён пойдзе са здаровай. Пазваночнік, калі там зношаныя суставы, не перасадзіш, дыскі не памяняеш. Але пацыент будзе ведаць, што гэта не смяротна, што, калі ён захавае актыўнасць і зоймецца гімнастыкай або плаваннем, зможа вярнуцца да нармальнага спосабу жыцця. Ні ў якім разе нельга здавацца — класціся ў ложак і стагнаць. Трэба будзе пераглядзець і сваё харчаванне. Белая мука, лёгкія вугляводы ствараюць кіслае асяроддзе і садзейнічаюць выпрацоўцы інтэрлейкінаў, якія падтрымліваюць усе запаленчыя хваробы. Газіроўкай, пірожнымі, тортам можна пабалаваць сябе на свята, але гэтак не павінна быць кожны дзень. Агародніна, рыба, алей — наша выратаванне. Таму мы рэкамендуем так званую міжземнаморскую дыету. Лішняя вага — дадатковы фактар рызыкі. Нават перасаджаны сустаў будзе дрэнна працаваць, калі яму прыйдзецца насіць лішнія 50 кілаграмаў. Калі чалавек не будзе выконваць рэкамендацыі, яму не дапаможа ні чароўная таблетка, ні ўкол. Галоўная матывацыя — павінен быць попыт на здаровы спосаб жыцця.
У пазбаўленні ад хранічнага болю ўдзяляецца вялікая ўвага фізічнай рэабілітацыі.
— Сутнасць болю — біяпсіхасацыяльная мадэль, — тлумачыць урач. — Біялагічныя аспекты — гэта наш узрост, пол, генетыка — усё тое, на што мы не можам паўплываць. Праблема хранічнага болю вельмі часта спалучаецца з дэпрэсіяй. Пацыентаў з тымі ці іншымі праявамі дэпрэсіўных момантаў у нас дастаткова шмат і яны не атрымліваюць адэкватнай падтрымкі. У нас не прынята звяртацца да псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў. Гэта наш псіхалагічны складнік. Такі чалавек лічыць сябе непаўнацэнным. Пачынае сам сябе накручваць, заганяць, аддаляцца ад соцыуму. А грамадству патрэбны здаровы чалавек. Наша задача — вярнуць пацыента ў грамадства. І трэба яго шмат у чым пераканаць. Бывае, што на размову з чалавекам не хапае і гадзіны.
На жаль, кабінет болю пакуль не мае магчымасці прымаць амбулаторных пацыентаў, яго паслугамі карыстаюцца ў асноўным пацыенты аддзяленняў бальніцы, якія знаходзяцца тут на стацыянарным лячэнні. Але гэта не значыць, што доступ для ўсіх астатніх закрыты.
— Нам тэлефануюць, і мы даём парады, — кажа Сяргей Уладзіміравіч. — Асноўная наша задача — растлумачыць, што боль лечыцца рухам. Лозунг адной нямецкай клінікі болю — больш актыўнасці, менш болю. Боль лечаць інструктары па фізкультуры, фізіятэрапеўты. Ёсць месца медыкаментозным метадам, так званыя малаінвазійныя тэхнікі. Хацелася б, каб у краіне больш увагі аддавалі развіццю гэтага гуманнага чалавекаарыентаванага кірунку лячэння болю.
Сяргею Гапановічу ў яго справе актыўна дапамагае інструктар-метадыст фізічнай рэабілітацыі Анастасія Арсенідзэ. Яна актыўна авалодвае спецыяльнымі ведамі, шмат дзе вучыцца. За апошнія некалькі гадоў вывучыла кітайскую медыцыну, скончыла ў Маскве школу тэйпіравання і атрымала міжнародны сертыфікат. Цяпер спасцігае прыёмы астэапатычнай маніпуляцыі, вучыцца аднаўляць работу касцей, мышцаў, сухажылляў.
— Мышцы працуюць — жыве косць, ёсць кровазварот, — аргументуе яна. — Пры нясцерпным болі прымяняем тэйпіраванне — эластычныя стужкі, якія накладваюцца на мышцу, напрыклад, з эфектам гарсэта. Прызначаецца комплекс практыкаванняў, якія трэба будзе выконваць на працягу ўсяго жыцця. Вядома, што ад чалавека патрабуецца максімум намаганняў, каб выконваць нашы рэкамендацыі. Але тут выбару няма. Гэта лепш, чым усё жыццё піць нейкія прэпараты.
Аўтар: Нэлi Зігуля
Звязда, 18 сакавіка 2023
Звязда, 18 сакавіка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/25/68721
Текущая дата: 24.11.2024