Белорусский портал в Казахстане

Анатоль Рубінаў: "У Еўрасаюза няма аб`ектыўных прычын для зацікаўленасці ў змене ўлады ў Беларусі"



Ніякіх аб`ектыўных прычын для таго, каб у Еўрасаюза была зацікаўленасць у змене ўлады ў Беларусі, на самай справе няма. Аб гэтым у інтэрв`ю заявіў старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў.

"Беларусь — мірная краіна, спакойна развіваецца, небяспекі ні для кога не ўяўляе, нікому не пагражае. Больш за тое, мы на сваёй граніцы стрымліваем і наркатрафік, і патокі нелегальных мігрантаў. Мы для Еўропы акрамя карысці нічога не прыносім", — падкрэсліў беларускі спікер. Ён не сумняваецца, што ўсе складанасці ў адносінах Беларусі і Еўрасаюза часовыя. "Цяпер у Еўрасаюзе ідзе хваля негатыўнай інфармацыі пра Беларусь, але, запэўніваю вас, яна схлыне", — сказаў палітык.

Адна з прычын напружанасці ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС, на яго думку, у тым, што еўрачыноўнікі "зусім не хочуць прызнаваць, што адбылося на самай справе ў Мінску 19 снежня". "Наша задача — парламента, грамадскіх арганізацый, СМІ — растлумачыць сапраўдны стан спраў: людзі, якія пацярпелі палітычнае паражэнне і не жадаюць пайсці з палітычнай арэны, прынялі меры для абвастрэння сітуацыі з тым, каб прыцягнуць да сябе ўвагу эпатажнымі, хуліганскімі дзеяннямі, паказаць сябе ахвярамі, змагарамі", — лічыць Анатоль Рубінаў. Паводле яго слоў, апазіцыя пастаянна прымяняе такую тактыку, і "Захад на гэта клюе, бо там таксама ёсць зацікаўленыя, у тым ліку і матэрыяльна".

У рашэнні Савета ЕС абмежаваць уезд для асобных грамадзян Беларусі, якое было прынята пасля прэзідэнцкіх выбараў, старшыня Савета Рэспублікі не бачыць ніякай логікі. "Здавалася б, калі еўрапейцы лічаць, што ў Беларусі не хапае дэмакратыі, і хочуць яе тут устанавіць, то шлях дасягнення гэтай мэты толькі адзін — як мага больш цеснае ўзаемадзеянне ў першую чаргу з тымі, хто адыгрывае нейкую ролю ў краіне, прымае кіраўніцкія рашэнні, — сказаў ён. — Замест гэтага яны гавораць: не, мы вас да сябе не пускаем і кантакты не падтрымліваем. Дзе логіка?"

На яго думку, вынік гэтых абмежаванняў можа быць толькі адзін — час для збліжэння Беларусі з Еўрасаюзам адкладзецца яшчэ далей у будучае. Анатоль Рубінаў выказаў меркаванне, што такая перспектыва не адпавядае інтарэсам ЕС. "Што датычыцца Беларусі, то гэта таксама не ў нашых інтарэсах, але ў той жа час і не смяротна для нас", — упэўнены ён. Калі сыдзе чарговая эмацыянальная хваля, пачуцці супакояцца, адносіны Еўрасаюза з Беларуссю выйдуць на больш рэалістычную і плённую дарогу.

Спроба падагнаць працэс дэмакратызацыі ў Беларусі можа прывесці толькі да дэстабілізацыі ў грамадстве і развіцця разнастайных адмоўных з`яў. Пераход да дэмакратыі, да заходнееўрапейскіх каштоўнасцяў павінен быць паступовым.

Спікер падкрэсліў, што Беларусь мэтанакіравана і дакладна рухаецца па шляху развіцця дэмакратыі. Але рухаецца паступова, па меры развіцця эканомікі, па меры пашырэння прыватнай уласнасці, па меры росту палітычнай культуры і адказнасці ў грамадстве. "Аднак нашым крытыкам гэта не падабаецца. Гавораць: давайце нам дэмакратыю ў поўным аб`ёме і неадкладна. Маўляў, падтрымаем мясцовых рэвалюцыянераў, няхай яны ўсё памяняюць і тут жа ўвядуць дэмакратыю. Няўжо не зразумела, што ў такім выпадку ніякай дэмакратыі не будзе?" — сказаў Анатоль Рубінаў.

На яго думку, папрокі ў недахопе дэмакратыі ў нашай краіне беспадстаўныя. "Ды ў нас ніколі яшчэ не было столькі дэмакратыі і свабоды, колькі цяпер! — упэўнены палітык. — Усе свабодна ездзяць за мяжу, публікуюць што хочуць, інтэрнэт запоўнены любой інфармацыяй. Калі-небудзь гэта было магчыма? Гэта вялікі прагрэс у параўнанні з тым, што было, скажам, 20 гадоў таму".

Старшыня Савета Рэспублікі лічыць, што еўрапейскія палітыкі памылкова лічаць, што дэмакратычныя асновы "ў тым выглядзе, як яны развіліся ў заходнееўрапейскіх краінах, можна перанесці адразу і імгненна ў любую краіну свету і там адразу ўсё будзе добра". Узровень дэмакратыі, які можа дазволіць сабе грамадства, залежыць ад узроўню яго развіцця, у першую чаргу эканамічнага. Дэмакратычная мадэль не прыгодная для ўсіх часоў і любога ўзроўню цывілізацыйнага развіцця грамадства.

"Новыя інтэграцыйныя ўтварэнні — Мытны саюз і АЭП — ніякім чынам не канкурыруюць з Саюзнай дзяржавай.

Насупраць, яны абапіраюцца на той вопыт, які быў набыты пры саюзным будаўніцтве", — сказаў беларускі спікер. Ён падкрэсліў, што МС і АЭП "узніклі не на пустым месцы", іх з`яўленне было б немагчыма без вялікага вопыту па функцыянаванні СД.

На думку Анатоля Рубінава, менавіта на прыкладзе Саюза Беларусі і Расіі ўдалося выбудаваць падобную інтэграцыйную мадэль на больш шырокай прасторы, на тэрыторыі ўжо трох дзяржаў — Беларусі, Расіі і Казахстана.

Ацэньваючы вынікі дзейнасці Саюзнай дзяржавы, якой 2 красавіка 2011 года споўніцца 15 гадоў, старшыня Савета Рэспублікі сказаў, што, на яго думку, гэтыя гады "на прайшлі дарэмна і далі свае вынікі". Закранаючы перспектывы развіцця, ён выказаў меркаванне, што Саюзная дзяржава можа быць арганічна ўключана ў больш маштабныя інтэграцыйныя працэсы — МС і АЭП, а магчыма, і ЕўрАзЭС. "Складана забягаць наперад і нешта канкрэтнае прагназаваць, але, відаць, у гэтым напрамку ідзе працэс. Саюзная дзяржава ніякім чынам не перашкаджае гэтым працэсам, а толькі садзейнічае", — запэўніў Анатоль Рубінаў.

Звязда
1 красавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/250/5588
Текущая дата: 25.12.2024