Белорусский портал в Казахстане

Беларуская антыядзерная кампанія заклікала ўрад краіны адмовіцца ад планаў будаўніцтва АЭС



Беларуская антыядзерная кампанія заклікала ўрад Беларусі вынесці ўрок з трагедыі, што разгортваецца ў Японіі, і адмовіцца ад планаў будаўніцтва атамнай станцыі ў краіне. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай удзельнікамі ініцыятывы адкрытай заяе ў сувязі з радыяцыйнымі аварыямі на некалькіх японскіх АЭС, што адбыліся пасля вельмі моцнага землятрусу.

Падпісанты патрабуюць спыніць будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці, на месцы якой у 1909 годзе адбыўся землятрус сілай 7 балаў — наймацнейшы ў Беларусі.

"Мы звяртаемся да кіраўніцтва Беларусі з просьбай адмовіцца ад планаў будаўніцтва АЭС і шукаць інвестыцыі на мадэрнізацыю традыцыйнай і развіццё аднаўляльнай энергетыкі", — гаворыцца ў заяве.

Удзельнікі беларускай антыядзернай кампаніі заклікалі ўрад і грамадзян Беларусі вынесці ўрок з таго, што здарылася ў Японіі, і прызнаць, што бяспечных АЭС не існуе.

"Доўгі час японскія ўлады з падачы атамных карпарацый запэўнівалі жыхароў краіны ў тым, што АЭС бяспечныя і што выхад радыяцыі за іх межы немагчымы, нават у выпадку самага цяжкага землятрусу. Гэтыя запэўніванні працягваліся нават тады, калі адбыўся выбух на АЭС "Фукусіма". Аднак факты авебрглі "гарантыі" японскай атамнай прамысловасці, — гаворыцца ў заяве. — Беларускія атамныя лабісты таксама заяўляюць, што беларуская АЭС зможа вытрымаць землятрус, падзенне самалёта і іншыя знешнія ўздзеянні, але не толькі. Яны мяркуюць, што беларуская АЭС будзе бяспечная, хаця на яе праектна-вышукальныя работы выдзяляюць усяго паўгода, нягледзячы на тое, што на такія работы затрачваецца ад двух да чатырох гадоў. Мы хочам нагадаць пра тое, што паскораная распрацоўка праектнай дакументацыі чарнобыльскіх блокаў — гэта адна з прычын катастрофы".

"Цяпер ў Японіі ідзе эвакуацыя з 30-кіламетровай зоны. Ці можна пасля гэтага верыць сцвярджэнням беларуска-расійскага атамнага лобі, што пры любой аварыі на беларускай АЭС эвакуацыя насельніцтва не спатрэбіцца? Ці трэба чакаць, пакуль новыя трагічныя факты абвергуць гэтыя заявы?" — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Пад заявай падпісаліся ўдзельнікі кампаніі, расійскія і беларускія грамадскія арганізацыі і грамадзяне, у тым ліку, Грамадскае аб`яднанне "Экадом", расійская група "Экаабарона!", аргкамітэт стварэння руху "Вучоныя за бяз`ядзерную Беларусь" і іншыя.

У Японіі 11 сакавіка адбыўся землятрус магнітудай 8,9 бала, адзін з наймацнейшых з 1933 года. Ён выклікаў цунамі, а таксама серыю падземных штуршкоў сілай вышэй за 6 балаў. Прыродная катастрофа пацягнула аварыі на японскіх атамных электрастанцыях. На АЭС "Фукусіма-1" і "Фукусіма-2" пасля землятрусу быў уведзены рэжым надзвычайных сітуацый з-за выхаду са строю сістэмы ахаладжэння. На "Фукусіме-1" 12 сакавіка адбыўся выбух, пацярпелі чатыры чалавекі. Паводле інфармацыі Агенцтва па ядзернай і прамысловай бяспецы Японіі, радыеактыўнае забруджанне распаўсюдзілася за межы станцыі. Улады аб`явілі эвакуацыю насельніцтва ў радыусе прыкладна 20 кіламетраў вакол АЭС "Фукусіма-1". З небяспечнай зоны эвакуіравана больш як 80 тысяч чалавек.

У нядзелю на брыфінгу генеральны сакратар кабінета міністраў Японіі Юкіо Эдана паведаміў, што існуе пагроза новага выбуху на адным з блокаў японскай АЭС "Фукусіма-1", аналагічнага таму, што адбыўся ў суботу.

Як паведамлялася раней, Беларусь і Расія падрыхтавалі рамачнае кантрактнае пагадненне аб будаўніцтве АЭС. Дакумент плануецца падпісаць у маі, паведаміў кіраўнік расійскай дзяржаўнай атамнай карпарацыі "Расатам" Сяргей Кірыенка 25 студзеня на сустрэчы ў Мінску з першым віцэ-прэм`ерам Уладзімірам Сямашкам. Паводле яго слоў, не пазней за чэрвень павінна быць падпісанае крэдытнае пагадненне паміж міністэрствамі фінансаў дзвюх краін. Беларусь просіць у Расіі на будаўніцтва АЭС дзяржаўны крэдыт у 9 млрд. долараў ЗША тэрмінам на 25 гадоў.

Паводле слоў Кірыенкі, у верасні 2011 года пачнецца будаўніцтва катлавана на пляцоўцы, дзе будзе ўзведзена АЭС. Увод першага блока беларускай АЭС запланаваны ў 2017 годзе.

Таццяна Новікава, БелаПАН
Мінск, 13 сакавіка 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/252/5074
Текущая дата: 25.12.2024