Белорусский портал в Казахстане

Сойм Партыі БНФ лічыць "палітычна безадказным" рашэнне часткі сваіх членаў аб выхадзе з партыі



Сойм Партыі БНФ лічыць "палітычна безадказным" рашэнне некаторых сваіх членаў аб выхадзе з партыі. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльнай заяве, прынятай 12 лютага на пасяджэнні сойма.

На думку членаў сойма, гэтае рашэнне "аб`ектыўна садзейнічае аслабленню нацыянальна-дэмакратычных сіл Беларусі". Разам з тым падкрэсліваецца, што большая частка тых, хто падпісаў заяву аб выхадзе з партыі, у апошнія гады не бралі ўдзелу ў партыйным жыцці. "Яны свядома адмовіліся ад удзелу ва ўсіх партыйных кампаніях, што праводзіліся на працягу апошніх паўтара гадоў: кампаніі аўтарэферэндуму, выбарчай кампаніі 2010 года, кампаніі па зборы паручыцельстваў у падтрымку палітзняволеных", — гаворыцца ў дакуменце.

Сойм Партыі БНФ падкрэслівае, што пераважная большасць членаў арганізацыі актыўна працавалі на працягу апошніх гадоў. "Гэта азначае, што Партыя БНФ застаецца сілай, адзінства якой грунтуецца на агульных ідэйных перакананнях, а не на прыхільнасцях да канкрэтных асоб", — зазначаецца ў заяве.

Сойм Партыі БНФ таксама раіць падпісантам заявы аб выхадзе з партыі "вярнуцца ў яе шэрагі і зрабіць свой унёсак у пабудову свабоднай Беларусі".

Падчас пасяджэння сойма старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адхіліў абвінавачанні ў тым, што партыя здрадзіла сваім каштоўнасцям. "Мне было дзіўна чуць пра каштоўнасці ад асоб, якія працавалі на кандыдата ў прэзідэнты, які падчас сваёй выбарчай кампаніі выказваў удзячнасць прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву за дапамогу дэмакратызацыі Беларусі", — сказаў ён.

Як раней паведамляў БелаПАН, 10 лютага была абнародавана заява, у якой 86 членаў Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ паведамілі аб сваім выхадзе з партыі.

"Вопыт партыйнага жыцця пасля з`езда 2009 года і асабліва вынікі апошняй прэзідэнцкай кампаніі канчаткова пераканалі нас, што палітыка цяперашняга кіраўніцтва Партыі БНФ не адпавядае выклікам сучаснасці, супярэчыць самому духу нацыянальнай дэмакратыі, свабоды, маральнасці і прынцыповасці, з якім атаясамліваецца Беларускі народны фронт з дня яго заснавання ў 1988 годзе", — гаворыцца ў заяве.

Сярод падпісантаў такія вядомыя палітыкі, як Лявон Баршчэўскі, Юрый Хадыка, Галіна Сямдзянава, Алесь Марачкін і іншыя.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 12 лютага 2011



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/253/4431
Текущая дата: 24.12.2024