Белорусский портал в Казахстане

Кастусёў просіць Вярхоўны суд перагледзець вынікі выбараў



Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падаў заяву ў Вярхоўны суд Беларусі з просьбай перагледзець рашэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі аб прызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Як паведамілі ў ПБНФ, заява ўключае ў сябе пералік парушэнняў, зафіксаваных назіральнікамі, членамі выбарчых камісій і даверанымі асобамі кандыдатаў.

"У мяне няма надзеі на справядлівае рашэнне Вярхоўнага суда. Магчыма, мая заява нават не будзе прынята да разгляду. Тым не менш, я перакананы, што падаць заяву з просьбай перагледзець рашэнне ЦВК з улікам парушэнняў, мне трэба было. А рашэнне па маёй заяве хай застанецца на сумленні беларускіх уладаў", - адзначыў Рыгор Кастусёў.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі 24 снежня не задаволіла патрабаванне былога кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва прызнаць незаконнымі прэзідэнцкія выбары па ўсёй краіне. Члены ЦВК прынялі гэтае рашэнне адзінагалосна. Па словах кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, для адхілення скаргі Рыгора Кастусёва былі ўсе падставы.

Тэлеграф
4 студзеня 2011



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/259/3583
Текущая дата: 25.12.2024