Пры гэтым перапіс засведчыў: працэс урбанізацыі набірае абароты. З 1999 года колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася на 103 тыс. чалавек, а яго агульная доля — з 69 да 74 працэнтаў. Прычым удзельная вага гараджан узрасла ва ўсіх абласцях, цяпер яна складае 76 працэнтаў на Магілёўшчыне, 73 працэнты — на Віцебшчыне і Гомельшчыне, 69 працэнтаў — на Гродзеншчыне, 66 працэнтаў — на Брэстчыне і 55 працэнтаў — на Міншчыне. Да таго ж працягвалася канцэнтрацыя беларусаў у сталіцы і абласных цэнтрах. Калі ў 1999 годзе ў гэтых гарадах пражывала 49 працэнтаў, то ў 2009 годзе — 52 працэнты насельніцтва. Адпаведна, агульная колькасць жыхароў сталіцы і абласных цэнтраў за гэты перыяд павялічылася на 225 тыс. чалавек. А вось колькасць жыхароў у астатніх гарадах і гарпасёлках наадварот зменшылася — на 122 тыс. чалавек, і ў тым ліку на 44 тысячы — у гарадах малых і сярэдніх.
Адбылося і скарачэнне колькасці вясковага насельніцтва — у параўнанні з 1999 годам на 644 тыс. чалавек ці на 21 працэнт. Найбольш хуткім яно было на Віцебшчыне (26,5 працэнта), Магілёўшчыне (на 26,2 працэнта) і Гродзеншчыне (25,2 працэнта). Прычым сама па сабе гэтая з`ява тлумачыцца як асаблівасцямі ўзроставага складу вяскоўцаў, так і іх міграцыяй у гарады.
Источник: Звязда