Белорусский портал в Казахстане

Беларускім урачам давяраюць і ў Афрыцы..



З далёкай афрыканскай краіны Кот д`Івуара спецыяльна прыехала нараджаць у Віцебск 42-гадовая Кофі Беатрыс. Гэтую гісторыю расказала сваім чытачам папулярная віцебская гарадская газета "Віцьбічы".

У Віцебску, як адзначае газета, жыве родны брат Беатрыс з сям`ёй. Жанчына цяжка выношвала дзіця, а жонка брата нарадзіла ў радзільным доме Віцебскай гарадской бальніцы хуткай неадкладнай дапамогі ажно пяць дзяцей! І ўмовамі знаходжання, і медыцынскім абслугоўваннем яна была вельмі задаволеная. У прыезджай пацыенткі з Афрыкі былі вельмі цяжкія роды, ёй зрабілі кесарава сячэнне. Усё абышлося, і на свет з`явілася здаровая дзяўчынка, якой маці дала імя Марыя Арэлі. Новаспечаную маму ўжо выпісалі з бальніцы, і яна збіраецца вярнуцца на сваю радзіму.

Дарэчы, так званы медыцынскі турызм у Віцебскай вобласці актыўна набірае абароты. Як расказаў журналістам начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач, на базе адной з бальніц абласнога цэнтра пачне працаваць нават турыстычнае бюро па арганізацыі спецыфічных тураў па здароўе. У медыцынскай установе створаны цэлы пералік медыцынскіх і рэабілітацыйных паслуг, якія могуць прадставіць турыстам не толькі ў абласным цэнтры, а і ў глыбінцы. У краінах, якія мяжуюць з Віцебскай вобласцю (Латвія, Літва, Расія), праводзяцца спецыяльнае маркетынгавае даследаванне і рэкламная кампанія.

Іншаземцы з задавальненнем прыязджаюць, каб пракансультавацца і атрымаць медыцынскую дапамогу ў кардыёлагаў, акушэраў-гінеколагаў, практолагаў, стаматолагаў і іншых спецыялістаў. Сёлета медыцына Віцебскай вобласці зарабіла на экспарце медыцынскіх паслуг іншаземцам больш за 1 мільярд рублёў. І тэмпы росту гэтых паслуг актыўна павялічваюцца.

Аляксандр Пукшанскі
Звязда
21.09.2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/268/1977
Текущая дата: 26.12.2024