Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка пра вынікі зладжвання рэгіянальнай групоўкі войскаў: Для Беларусі гэты досвед вельмі важны



Прэзідэнт Беларусі наведаў на 230-ы агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі пад Баранавічамі. Тут размешчана расійская частка сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў.

«Таварыш Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, злучэнні Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі сумесна з падраздзяленнямі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на палігонах Рэспублікі Беларусь правялі вучэнні, камандна-штабныя трэніроўкі ў рамках правядзення трэніровак саюзных сіл», — далажыў кіраўніку дзяржавы прадстаўнік расійскіх Узброеных Сіл.

У прыватнасці, сумесныя вучэнні правялі мотастралковыя і танкавыя падраздзяленні, спецыяльныя войскі, у тым ліку падраздзяленні СПА.

«На гэтым этапе падраздзяленні Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі гатовы да выканання задач па прызначэнні. Хацелася б падзякаваць вам асабіста за аказаную дапамогу ў разгортванні, аказанне дапамогі ў забеспячэнні ў частцы мерапрыемстваў, якія датычацца падрыхтоўкі асабовага складу», — дадаў ён.

«Агульную справу робім», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама заслухаў даклад аб завяршэнні баявога зладжвання часцей і злучэнняў рэгіянальнай групоўкі войск. На палігоне кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з размяшчэннем воінскіх часцей і падраздзяленняў расійскіх Узброеных Сіл, паразмаўляў з салдатамі і афіцэрамі.

«Для мяне гэта вельмі важна, не толькі для мяне, для Беларусі гэты досвед вельмі важны. Я вельмі ўважліва буду вас слухаць і выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы нашых Узброеных сіл Беларусі і Расіі для абароны агульнай Айчыны. Самае важнае і самае галоўнае, мы з вашымі ваенначальнікамі дамовіліся, што вы скажаце пра недахопы, таму што нам і далей давядзецца працаваць у такім рэжыме, рыхтаваць беларусаў і расіян», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, — «Мы не толькі дапамаглі вам. Мы самі сабе дапамаглі. Мы ад вас атрымліваем інфармацыю вялікую, гэта досвед. Нашы афіцэры дапамагаюць рыхтавацца тым, хто пораху не нюхаў, груба кажучы і тым, каму трэба ўспомніць навыкі ваенныя. Для іх гэта таксама школа, досвед», — дадаў ён.

Прэзідэнт падарыў ваеннаслужачым індывідуальныя медыцынскія аптэчкі. Сам кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў Беларусі дасканала вывучылі розныя варыянты індывідуальных медыцынскіх аптэчак: натаўскія, польскія, украінскія, расійскія. Аказалася, што аптэчкі заходняга ўзору больш практычныя. Таму медыкам і вайскоўцам было даручана зрабіць якасную беларускую аптэчку. Адпаведная задача была пастаўленая Прэзідэнтам на гэтым жа палігоне ў кастрычніку 2022 года, калі ён азнаёміўся з айчыннымі распрацоўкамі ваенна-прамысловага комплексу.

«І вось яны за пару месяцаў зрабілі аптэчку, якая лепшая за натаўскую. У баі гэта жыццё чалавека. Трэба, каб у хлопцаў было пад рукой неабходнае. Далей удасканальваемся», — сказаў Галоўнакамандуючы. 

Аляксандр Вальфовіч: рэгіянальная групоўка астудзіць гарачыя галовы на захадзе

Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч у размове з журналістамі падвёў вынікі наведвання Прэзідэнтам 230-га агульнавайсковага палігона Абуз-Лясноўскі.

«У апошні час, зыходзячы са складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі, ваеннай актыўнасці блоку НАТА, якая расце на тэрыторыі сумежных з Беларуссю дзяржаў, Прэзідэнт асабіста трымае на кантролі пытанні, звязаныя з баявой гатоўнасцю Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. А таксама ход і якасць правядзення заняткаў па баявой падрыхтоўцы. Яму сістэматычна дакладваюць усе гэтыя пытанні. І Прэзідэнтам прынята рашэнне асабіста паглядзець, як арганізаваны заняткі на адным з палігонаў», — расказаў Аляксандр Вальфовіч.

Ён нагадаў, што ў мінулым годзе Прэзідэнтамі Беларусі і Расіі прынята рашэнне аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі. Групоўка паспяхова разгарнулася і арганізавана правядзенне сумесных заняткаў па баявой падрыхтоўцы. 

«Рэгіянальная групоўка войскаў — гэта адзін са стратэгічных элементаў стрымлівання, элемент, які на сёння павінен астудзіць гарачыя галовы на захадзе з яго агрэсіўнай палітыкай ў адносінах да Рэспублікі Беларусь, у адносінах да Саюзнай дзяржавы. Мы бачым, што сёння на заходніх граніцах Саюзнай дзяржавы адбываецца вялікая ваенная актыўнасць, нарошчваецца колькасць вучэнняў. Пастаянна фіксуем і пралёты разведвальнай авіяцыі. Зусім неміралюбная палітыка зыходзіць ад нашых суседзяў. Таму было прынята рашэнне аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі войскаў. Яна мае выключна абарончыя мэты і прызначана для абароны перш за ўсё граніц Саюзнай дзяржавы», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.

Па яго словах, расійскія ваенныя адзначылі шчырую гасціннасць беларускіх таварышаў. На беларускі бок ускладзены пытанні з забеспячэннем правядзення заняткаў, тылавыя пытанні, пытанні тэхнічнага забеспячэння. Усе гэтыя пытанні вырашаны на самым належным узроўні з выкарыстаннем прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу.

«Ніякіх прэтэнзій у адрас беларускага боку ад нашых братоў-расіян не гучала. Былі толькі словы падзякі за гасціннасць, за ветлівасць, арганізацыю заняткаў і прадастаўленне матэрыяльнай базы. Тое, што і павінна практыкавацца падчас зладжвання такіх буйных груповак», — рэзюмаваў дзяржсакратар Савета Бяспекі.

Андрэй Жук: «Рэгіянальная групоўка войскаў да абароны Саюзнай дзяржавы гатова»

Намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Андрэй Жук расказаў журналістам, што беларускія і расійскія ваенныя займаюцца па адзіных праграмах.

«Мэтавая ўстаноўка была на адзіночную падрыхтоўку і заключалася ў першую чаргу ў тым, каб навучыць афіцэра і салдата дзеянням у розных відах бою. Падрыхтоўка ажыццяўлялася па такіх асноўных напрамках, як тактычная навучанасць, агнявая вывучка, уменне аказаць першую медыцынскую дапамогу, так званая тактычная медыцына. Канешне, рабіўся ўпор на інжынерную падрыхтоўку. Пасля таго, як мы пераканаліся, што вайскоўцы гатовы да далейшай падрыхтоўкі, пачалі зладжваць экіпажы, разлікі. Праводзілі зладжванне ўзводаў, рот, і ў прынцыпе асаблівасць падрыхтоўкі была ў тым, што на кожным этапе мы праводзілі мноства комплексных заняткаў, баявых стрэльбаў, тактычных вучэнняў. На сёння можна канстатаваць, што рэгіянальная групоўка войскаў да абароны Саюзнай дзяржавы гатова», — расказаў Андрэй Жук. Па яго словах, на гэтым падрыхтоўка не спыняецца, у далейшым будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка міжвідавых падраздзяленняў. На тэрыторыі нашай краіны пачынаецца сумеснае лётнае тактычнае вучэнне. Далей будуць розныя штабныя трэніроўкі. «Я так думаю, што адным з этапаў нашай падрыхтоўкі будзе сумеснае вучэнне, якое пройдзе ў канцы года — «Шчыт Саюза — 2023», — рэзюмаваў генерал-маёр.

Адзін з расійскіх камандзіраў злучэння расказаў, што ваенныя праводзяць комплексныя заняткі мотастралковых, танкавых падраздзяленняў, заняткі па тактычнай падрыхтоўцы, зладжванне штабоў. Да заняткаў прыцягваюцца інструктары абодвух бакоў. «На сёння мы працягваем наша навучанне і будзем рыхтавацца да выканання сумесных задач у рамках Саюзнай дзяржавы. З беларускімі таварышамі выдатна адзін аднаго разумеем і перадаем досвед», — адзначыў ён. 

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, Баранавіцкі раён
6 студзеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/29/67818
Текущая дата: 24.11.2024