Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла аб новаўвядзеннях у аплаце працы работнікаў галіны



Аб гэтым інфармуе прэс-служба ведамства.

Міністэрства аховы здароўя дало афіцыйны каментар да пастановы ад 25 лістапада 2022 года нумар 111 "Аб змяненні пастаноў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2019 года нумар 52 і ад 13 чэрвеня 2019 года нумар 53".

На pravo.by афіцыйна апублікавана пастанова Міністэрства аховы здароўя ад 25 лістапада 2022 года нумар 111. Дакумент прыняты для далейшага ўдасканалення ўмоў аплаты працы работнікаў аховы здароўя.

Так, з улікам падыходаў, ухваленых Прэзідэнтам і ўрадам, адменена базавая даплата і адначасова павялічаны іншыя стымулюючыя выплаты. Так, надбаўка за работу ў сферы аховы здароўя ўрачам-спецыялістам павялічана на 55 працэнтаў, сярэднім медыцынскім работнікамі - на 50 працэнтаў, надбаўка за асаблівасці прафесійнай дзейнасці іншым работнікам аховы здароўя (інжынерам, фізікам, хімікам, інструктарам-метадыстам фізічнай рэабілітацыі, фармацэўтычным работнікам і інш.) павялічана на 50 працэнтаў.

Устаноўлена надбаўка за асаблівасці прафесійнай дзейнасці рабочым бюджэтных арганізацый у залежнасці ад разраду работы: 1-ы разрад работы - 90 працэнтаў базавай стаўкі, 2-і разрад - 80 працэнтаў, 3-і разрад - 75 працэнтаў, 4-ы разрад - 70 працэнтаў, 5-ы разрад - 65 працэнтаў, 6-ы разрад - 60 працэнтаў.

Прадугледжана надбаўка за асаблівасці прафесійнай дзейнасці медыцынскім работнікам, асобам з ліку ПВС, якія з`яўляюцца кіраўнікамі стажыроўкі, - у памеры 5 працэнтаў базавай стаўкі за кожны дзень стажыроўкі.

"Для правядзення стажыроўкі ўрачоў будуць прыцягвацца высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія маюць значныя прафесійныя, практычныя веды і вопыт, у індывідуальным парадку навучаюць новым метадам аказання высокатэхналагічнай меддапамогі. Гэта будзе садзейнічаць паляпшэнню якасці і даступнасці высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі насельніцтву рэспублікі", - растлумачылі ў міністэрстве.

Таксама павялічаны памер надбаўкі прафесарска-выкладчыцкім работнікам за лячэбна-дыягнастычную работу. "Памер гэтай надбаўкі разлічваецца ў працэнтах ад акладу ўрача-спецыяліста адпаведнай спецыяльнасці і кваліфікацыйнай катэгорыі. Гэта норма прынята ў сувязі з тым, што прафесарска-выкладчыцкі склад медыцынскіх універсітэтаў актыўна ўдзельнічае ў аказанні медыцынскай дапамогі, кансультаванні пацыентаў ва ўстановах аховы здароўя, непасрэдна выконвае высокатэхналагічныя ўмяшанні з улікам перадавых сусветных методык лячэння і метадаў дыягностыкі", - растлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Пастанова ўступае ў сілу з 1 студзеня 2023 года. Ведамства сумесна з галіновым прафсаюзам правядзе інфармацыйна-растлумачальную кампанію па рэалізацыі пастановы.

8 снежня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/30/67360
Текущая дата: 24.11.2024