Белорусский портал в Казахстане

Больш за тысячу сведчанняў злачынстваў нацыстаў апублікуюць у зборніках «Без тэрміну даўнасці»



Пра гэта паведамляе дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Віктар Кураш.

Больш за 1 тыс. сведчанняў злачынстваў нацыстаў будзе апублікавана ў зборніках дакументаў «Без тэрміну даўнасці»

Фундаментальны выдавецкі праект — серыя зборнікаў дакументаў «Без тэрміну даўнасці» рэалізуецца архіўнай галіной з 2018 года. У іх расказваецца аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У адпаведнасці з канцэпцыяй серыі кожнай вобласці Беларусі (у сучасных адміністрацыйна-тэрытарыяльных межах) прысвячаецца асобны том.

Ужо выдадзены зборнікі па Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Завершыцца праект у 2022 годзе выпускам выданняў, прысвечаных Брэсцкай і Мінскай абласцям.

Усяго будзе апублікавана больш за тысячу дакументальных сведчанняў злачыннай палітыкі нацыстаў. Пасля публікацыі завяршальнага тома зборнікі будуць размешчаны ў электронным выглядзе на сайце «Архівы Беларусі».

Не мае аналагаў база даных «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны», падрыхтаваная айчыннымі архівістамі і размешчаная ў адкрытым доступе. На сёння ў ёй змешчана дакументальна пацверджаная інфармацыя аб 9097 вёсках, знішчаных нацыстамі цалкам і часткова, з насельніцтвам і без. Многія беларускія вёскі за перыяд акупацыі спальваліся па некалькі разоў — два, тры, пяць. Вёска Хадакі Лагойскага раёна спальваліся 7 разоў, а Людзвінова гэтага ж раёна — 8. Работа па выяўленні звестак аб спаленых вёсках прадаўжаецца.

Віктар Кураш адзначыў, што дзяржаўныя архівы Беларусі захоўваюць шырокі і разнастайны комплекс дакументаў па беларускай гісторыі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, значная частка якога датычыцца тэмы генацыду насельніцтва Беларусі ў перыяд нацысцкай акупацыі 1941-1944 гадоў.

Сярод архіўных матэрыялаў — трафейныя фонды акупацыйных улад і ўстаноў, ваенных і паліцэйскіх падраздзяленняў; фонды савецкіх партызанскіх і падпольных фармаванняў, камісій па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі БССР, мясцовых органаў улады, арганізацый і ўстаноў рэспублікі, якія адказвалі ў пасляваенны перыяд за вывучэнне падзей Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечанне памяці ахвяр генацыду.

Тэкставыя дакументы змяшчаюць інфармацыю аб знішчэнні акупантамі населеных пунктаў, аб месцах прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных, дзейнасці гета, разбурэнні і рабаванні захопнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей і гаспадарча-эканамічных аб’ектаў рэспублікі, звесткі аб грамадзянах, закатаваных і сагнаных у нямецкае рабства, спісы памагатых акупантаў, паказанні і ўспаміны відавочцаў, пратаколы допытаў нацысцкіх злачынцаў.

Аўдыявізуальныя сведчанні нацысцкіх злачынстваў прадстаўлены фатаграфіямі вязняў гета і канцэнтрацыйных лагераў, смяротных пакаранняў партызан і грамадзянскага насельніцтва, спаленых беларускіх вёсак, разбураных населеных пунктаў, работы камісіі па расследаванні злачынстваў захопнікаў на тэрыторыі БССР; фаназапісамі (інтэрв’ю) з жывымі сведкамі распраў нямецкіх акупантаў над жыхарамі беларускіх вёсак; нямецкай хронікай, знятай на акупіраванай тэрыторыі ў 1941-1944 гадах; савецкай кінахронікай аб зверствах і разбурэннях, учыненых нацыстамі ў Беларусі; матэрыяламі судовых працэсаў над нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў пасляваенны перыяд.

Тэма нацысцкага генацыду займае адно з ключавых месцаў у навукова-даследчай і асветнай дзейнасці айчынных архіўных устаноў. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе было выдадзена 17 зборнікаў дакументаў і падрыхтавана больш за 30 выставак, прысвечаных розным аспектам гэтага пытання. Архівісты Беларусі адны з першых на постсавецкай прасторы ў спецыяльных археаграфічных выданнях комплексна звярнуліся да такіх тэм, звязаных з нацысцкай акупацыяй, як «вогненныя вёскі», халакост, нацысцкія карныя аперацыі, вываз мірнага насельніцтва на прымусовыя работы.

Звязда, 10 траўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/36/64869
Текущая дата: 07.10.2024