Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі палепшаць аказанне меддапамогі цяжарным і парадзіхам



Аб гэтым паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

У Беларусі палепшаць аказанне меддапамогі цяжарным і парадзіхам. Гэта прадугледжана загадам нумар 419 ад 31 сакавіка 2022 года «Аб аказанні медыцынскай дапамогі цяжарным ва ўмовах захваральнасці на COVID-19».

Апошнім часам у краіне рэгіструецца значнае зніжэнне інфекцыі COVID-19, адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя. Аднак, як лічаць спецыялісты, беларускім урачам давядзецца працаваць з гэтай інфекцыяй яшчэ доўга. Для паляпшэння якасці аказання меддапамогі і мінімізацыі наступстваў інфекцыі COVID-19 у цяжарных і парадзіх Міністэрства аховы здароўя распрацавала адпаведны загад.

Згодна з дакументам, у паліклініках неабходна забяспечыць работу жаночых кансультацый па прынцыпе падзелу патокаў пацыентаў з фарміраваннем чыстых зон. Кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя павінны выдзеліць памяшканні і вызначыць дні тыдня для наведвання спецыялістаў жанчынамі фертыльнага ўзросту, цяжарнымі і парадзіхамі, у якіх няма клінічных прыкмет інфіцыравання вірусам COVID-19 і ВРІ.

Рэгламентавана пытанне правядзення партнёрскіх родаў у арганізацыях аховы здароўя. Пара пры наяўнасці ў іх адмоўнага ПЛР-тэсту можа правесці роды сумесна пры ўмове захавання санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў па інфекцыі COVID-19 і ў асобных індывідуальных радзільных залах.

Спецыялісты Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» сумесна з супрацоўнікамі кафедры акушэрства і гінекалогіі, кафедры рэпрадуктыўнага здароўя і медыцынскай генетыкі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі павінны забяспечыць правядзенне ў амбулаторных умовах (без абмежаванняў) урачэбныя кансультацыі (кансіліумы) жанчын фертыльнага ўзросту, цяжарных і парадзіх, у тым ліку ў рэжыме тэлекансультацый.

Звязда, 4 красавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/40/64417
Текущая дата: 25.11.2024