Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову ўвесці завочнае вядзенне па крымінальных справах у адносінах да абвінавачаных, якія знаходзяцца за межамі Беларусі



Ужо распрацаваны адпаведны законапраект, які ў бліжэйшы час будзе накіраваны ў Палату прадстаўнікоў. Аб гэтым паведаміў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара па выніках праведзенага пад старшынствам кіраўніка дзяржавы пасяджэння Савета бяспекі.

Як растлумачыў кіраўнік СК, апошнім часам шэраг краін, у прыватнасці, Польшча, Літва, адмаўляюць Беларусі ў выдачы асоб, якія ўчынілі злачынствы на нашай тэрыторыі (у тым ліку і экстрэмісцкія злачынствы) і прадаўжаюць сваю злачынную дзейнасць цяпер.

"Для таго каб рэалізаваць прынцып непазбежнасці крымінальнай адказнасці, уносіцца прапанова разглядаць у судах крымінальныя справы ў адносінах да такіх асоб у выпадку, калі нам адмоўлена ў іх выдачы або калі не паступіла адказу на запыт аб выдачы, у завочным парадку, гэта значыць, без удзелу асобы, у адносінах да якой разглядаецца крымінальная справа", - растлумачыў Дзмітрый Гара.

Ён дадаў, што законапраектам прадугледжаны гарантыі абароны правоў абвінавачаных і захаваны стандарты, якія прадугледжаны заканадаўствам як еўрапейскіх краін, так і краін СНД, дзе працуе ўжо завочнае вядзенне па крымінальных справах.

"Рэалізацыя гэтага інстытута дасць нам магчымасць забяспечыць непазбежнасць пакарання, а таксама пакрыццё ўрону па крымінальных справах асобамі, якія ўчынілі крымінальныя злачынствы. Думаю, што гэта будзе мець і даволі дзейсны прафілактычны эфект", - заявіў кіраўнік СК.

"Кіраўніком дзяржавы падтрымана прапанова і ў бліжэйшы час законапраект будзе накіраваны ў Савет Міністраў для ўнясення ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу", - сказаў кіраўнік СК.

8 лютага 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/44/63392
Текущая дата: 07.10.2024