Белорусский портал в Казахстане

Генпракуратура Беларусі плануе абследаваць больш за 300 невядомых мясцін пахавання ахвяр генацыду



У 2022 годзе плануецца абследаваць больш за 300 раней невядомых месцаў масавага пахавання ахвяр генацыду. Аб гэтым паведаміў журналістам генеральны пракурор Андрэй Швед на адкрыцці тэматычнай выставы ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

Паводле слоў Андрэя Шведа, па крымінальнай справе аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны дапытана амаль 13 тыс. чалавек.

"Гэта жывыя сведкі. Мы іх не проста дапытваем, а стараемся кожнага з іх запісаць на відэа, каб іх словы пачулі і ўбачылі нашы нашчадкі. Гэта вельмі важна", - сказаў ён.

Цяпер з удзелам работнікаў пракуратуры праводзяцца агляды соцень новых месцаў масавага пахавання.

"Стараемся цяпер не называць канкрэтныя лічбы, таму што яны кожны раз павялічваюцца. Толькі ў гэтым годзе плануем больш за 300 раней невядомых месцаў. І ў кожным з іх могуць быць дзясяткі тысяч ахвяр. Цяпер актыўна пачынаем работу з архівамі Расіі. Падрыхтаваны значны масіў дакументаў. Частку з іх атрымалі і грунтоўна вывучаем. Зыходзячы з гэтых дакументаў разумеем, што маштабы трагедыі значна больш сур`ёзныя, чым называла раней афіцыйная статыстыка. Размова ідзе пра больш як тры мільёны ахвяр. Таму што лічбы, якія змешчаны ў дакументах і паказаннях, сведчаць аб тым, што нават у вядомых месцах масавага знішчэння людзей ахвяр было ў разы больш", - падкрэсліў генеральны пракурор.

Да таго ж ёсць даныя, што з 1943 года фашысты замяталі сляды зверстваў: спальвалі трупы. "Але звесткі па іх колькасці і месцах пахавання ў нас таксама ёсць. Таму гэтыя сумныя лічбы будуць пастаянна павялічвацца. Цяпер ідзе вялікая работа па накіраванні матэрыялаў у міжнародныя інстытуты. Па-першае, для прызнання фактаў генацыду, па-другое, для вырашэння пытання аб адказнасці карнікаў, якія жывуць, як нам вядома, у 19 краінах свету. Частка матэрыялаў ужо накіравана. Ілюзій не маем: тыя краіны, якія пакрываюць фашыстаў, наўрад ці будуць іх прыцягваць да адказнасці, але ёсць дзяржавы, дзе мы разлічваем на тое, што правасуддзе ўсё ж пераможа", - сказаў Андрэй Швед.

Фарміруецца вялікі масіў лічбавай інфармацыі, які перадаецца грамадскасці. Плануецца выпусціць вялікі каталог, карту памяці і мноства іншых даступных шырокаму колу людзей матэрыялаў.

Выстава, якая адкрылася сёння ў палацы Румянцавых і Паскевічаў, таксама паказвае раней невядомыя старонкі абпаленай вайной гісторыі абласнога цэнтра. У аснове экспазіцыі - сапраўдныя архіўныя дакументы, фатаграфіі і рэчавыя доказы, якія выкрываюць палітыку генацыду, арганізаванага нацыстамі ў акупаваным Гомелі. Экспанаты - дакладныя сведчанні нацысцкага тэрору ў адносінах да мірнага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных.

11 лютага 2022, Гомель
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/44/63429
Текущая дата: 07.10.2024