Белорусский портал в Казахстане

Беларускія навукоўцы плануюць праводзіць генетычнае тэставанне на стрэсаўстойлівасць



Аб гэтым паведаміла галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Ірма Масэ.

"У рамках саюзнай праграмы "ДНК-ідэнтыфікацыя" мы вывучалі генетычныя механізмы псіхаэмацыянальнага стану чалавека. Дзеці могуць нарадзіцца і халерыкамі, і флегматыкамі - гены адыгрываюць вялікую ролю ў гэтым. Бывае і схільнасць да дэпрэсіўных, трывожных станаў, панічных сіндромаў. Мы можам вызначаць адпаведныя гены і псіхаэмацыянальны тып чалавека. Гэта самая апошняя наша распрацоўка. Ёю зацікавіліся і пагранічнікі, і сілавікі, і спецназ. Для іх вельмі важна стрэсаўстойлівасць, вынослівасць", - сказала Ірма Масэ.

Укараніць гэту распрацоўку плануецца ў бягучым годзе. "Гэта важна і для выбару прафесіі. Экстрэмальныя прафесіі, вядома, патрабуюць высокай стрэсаўстойлівасці, каб чалавек у складаны момант не разгубіўся і выканаў сваю задачу. Гэта важна для авіядыспетчараў, лётчыкаў, пажарнікаў", - адзначыла вучоны.

Беларускія навукоўцы актыўна займаюцца генетычным тэставаннем чалавека. З 2011 года на аснове ўласных навуковых распрацовак аказваюцца паслугі па наступных напрамках: ДНК-дыягностыка генетычнай схільнасці да захворванняў чалавека для фармавання груп павышанай рызыкі сярод насельніцтва, верыфікацыі дыягназу і правільнага выбару метадаў лячэння, ДНК-тэставанне ў спорце для мэтанакіраванага адбору перспектыўных спартсменаў і карэкцыі эфектаў неспрыяльных варыянтаў генаў.

Навукоўцамі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН распрацаваны метады ДНК-дыягностыкі па 19 сацыяльна значных захворваннях, у тым ліку такіх распаўсюджаных, як сардэчна-сасудзістыя, дыябет, астэапароз. Укаранёна ДНК-тэхналогія вызначэння рызыкі невыношвання цяжарнасці, што звязана са спадчыннай тромбафіліяй. Апытанне 1 тыс. пацыентак з устаноўленымі генетычнымі прычынамі невыношвання цяжарнасці, якія атрымалі адпаведнае лячэнне, паказала паспяховае нараджэнне дзяцей у 86,6 працэнта выпадкаў.

Спектр паслуг пастаянна пашыраецца. У 2018-2019 гадах асвоены і паспяхова аказваюцца паслугі па вызначэнні роднасці, непераноснасці лактозы і глютэну. У 2020 годзе ўкаранёны колькасны метад ацэнкі рызыкі невыношвання цяжарнасці. Штогод у Рэспубліканскім цэнтры геномных біятэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі выконваецца звыш 20 тыс. аналізаў па напрамку "медыцынская генетыка".

15 лютага 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/44/63478
Текущая дата: 07.10.2024