Белорусский портал в Казахстане

Змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю падтрымалі 82,86 % грамадзян, якія прагаласавалі



Папярэднія вынікі рэспубліканскага рэферэндуму падчас прэс-канферэнцыі агучыў старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка.

— У адпаведнасці з артыкулам 121 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, рашэнне аб змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання, — акцэнтаваў увагу кіраўнік Цэнтрвыбаркама. — Агульная колькасць грамадзян, унесеных у спісы ўдзельнікаў рэферэндуму, склала 6 815 667 чалавек. У галасаванні прыняў удзел 5 359 471 грамадзянін, або 78,63 % (гэта значыць больш чым палова ад унесеных у спісы). Такім чынам, рэспубліканскі рэферэндум адбыўся.

За прыняцце змяненняў і дапаўненняў да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прагаласавала 4 440 813 грамадзян, што склала 82,86 %, або 65,16 % ад унесеных у спісы для галасавання. «Супраць» прыняцця змяненняў і дапаўненняў прагаласавала 686 165 удзельнікаў рэферэндуму, што складае 12,8 % ад тых, што прагаласавалі, або 10,07 % ад унесеных у спісы для галасавання. Як паведамілі ў Цэнтральнай камісіі, канчатковыя вынікі рэферэндуму будуць падведзены 3 сакавіка. 

За правядзеннем рэферэндуму назірала 195 міжнародных і 45701 нацыянальны назіральнік. «У ЦВК ад назіральнікаў не паступала інфармацыі аб парушэннях заканадаўства аб рэферэндуме, — паведаміў старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. — Мы чакаем канчатковых заяў ад назіральных місій па выніках іх работы, маніторынгу падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага рэферэндуму».

Па словах Ігара Карпенкі, за перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму ў Цэнтрвыбаркам паступіла каля 700 зваротаў грамадзян. «Асноўная маса зваротаў датычылася ўдакладнення звестак у спісах удзельнікаў рэферэндуму, магчымасці прагаласаваць не па месцы рэгістрацыі, пераліку дакументаў, па якім можна было атрымаць бюлетэнь для галасавання, — удакладніў ён. — Усе пытанні вырашаліся аператыўна, грамадзянам былі дадзены тлумачэнні, аказана неабходная дапамога».

У ходзе рэферэндуму былі зафіксаваныя некаторыя правакацыі і спробы перашкодзіць яго правядзенню. «У асноўны дзень правядзення рэферэндуму асобныя дэструктыўныя Telegram-каналы сталі распаўсюджваць інфармацыю з заклікамі сарваць рэферэндум, знішчаць бюлетэні, выходзіць на ўсялякага роду незаконныя акцыі, мітынгі і пікеты, — заўважыў кіраўнік Цэнтрвыбаркама. — Акрамя таго, паступалі пагрозы ў адносінах да членаў камісій. Нягледзячы на ўсе спробы дэструктыўных сіл і дзякуючы зладжанаму механізму ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых асоб, рэспубліканскі рэферэндум быў праведзены ў адпаведнасці з дзейнічаючым заканадаўствам і без пэўных здарэнняў». 

Ігар Карпенка падзякаваў усім грамадзянам, якія прынялі ўдзел у рэспубліканскім рэферэндуме, праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. Асаблівыя словы ўдзячнасці ён адрасаваў членам камісій па рэферэндуму, прадстаўнікам праваахоўных органаў, ратавальнікам, урачам, якія забяспечвалі бяспеку падчас правядзення рэферэндуму, а таксама шматлікім назіральнікам і сродкам масавай інфармацыі, якія асвятлялі найважнейшую грамадска-палітычную падзею краіны.

Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 28 лютага 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/44/63705
Текущая дата: 25.11.2024