Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка ў інтэрв’ю Салаўёву: Пуцін абяцаў мне званне палкоўніка, дагэтуль не прысвоіў



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю журналісту ВГТРК, радыё-і тэлевядучаму Уладзіміру Салаўёву згадаў пра нявыкананае абяцанне прэзідэнта Расіі прысвоіць яму званне палкоўніка.

Журналіст пацікавіўся, якія пагоны нашытыя на ваенную форму, якую носіць кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Герб. Я падпалкоўнік па званні, — адказаў беларускі лідар. — Я ж не магу сабе генералісімуса зорку павесіць або генеральскую. Пуцін-палкоўнік, абяцаў мне палкоўніка прысвоіць — дагэтуль не прысвоіў».

«Як вы сабе ўяўляеце, што прэзідэнт незалежнай Беларусі з’яўляецца палкоўнікам расійскага войска?»- здзіўляўся Уладзімір Салаўёў.

«Ну і што? Гэта ж мая праблема, а не ваша! Паабяцаў — рабі!»- адрэагаваў прэзідэнт.

На заўвагу журналіста, што Аляксандр Лукашэнка не служыў у расійскай арміі, а ў савецкай, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Яна была і расійская, і беларуская. Прысвой мне званне палкоўніка Савецкай Арміі».

«Савецкай таксама не можа, таму што тады будуць казаць: «вось, мы казалі, што Пуцін хоча аднавіць Савецкі Саюз!»- выказаў свой пункт гледжання Уладзімір Салаўёў, прызнаўшы пры гэтым, што ідэя з прысваеннем звання-прыгожая.

«Вы хочаце, каб палкоўнік Пуцін вам прысвоіў званне палкоўніка і было два палкоўнікі? — дадаў журналіст. — Будзе два палкоўніка на чале Расіі і Беларусі?»

«Мы яму потым прысвоім званне генерала», — у тон журналісту адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Раней Прэзідэнт Беларусі тлумачыў, што мае званне падпалкоўніка.

Што тычыцца генеральскіх званняў, а таксама звання палкоўніка, то згодна з беларускім заканадаўствам яны прысвойваюцца толькі ўказам Прэзідэнта. «Я ж не магу сабе прысвоіць палкоўніка», — адзначаў кіраўнік дзяржавы.

Аналагічнае стаўленне ў беларускага лідара і да дзяржаўных узнагарод. Ён прызнаўся, што ў яго ёсць толькі царкоўныя і замежныя ўзнагароды.

«У нас узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі Прэзідэнт. Я не магу сам сябе ўзнагародзіць. Нават калі б і разумеў, што я нешта заслугоўваю. Ну, у мяне няма гэтай праблемы (гаворка пра факт адсутнасці айчынных узнагарод.). І я вельмі радуюся, калі падпісваю ўказ аб узнагароджанні кагосьці», — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка толькі згадаў, што ў яго «яшчэ з тых часоў» ёсць Узнагарода за ахову дзяржаўнай мяжы, калі ён праходзіў службу ў памежных войсках.

Звязда, 6 лютага 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/45/63339
Текущая дата: 07.10.2024