Белорусский портал в Казахстане

У Мінскіх паліклініках было па 400 пацыентаў на першасным прыёме



Раніцай у панядзелак, 31 студзеня, у некаторых паліклініках Мінска назіраліся вялізныя чэргі на прыём да ўрача і здачу тэстаў на COVІD-19.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, па папярэдніх даных, за першы рабочы дзень тыдня ўрачы ў розных паліклініках сталіцы прынялі ад 400 да 450 першасных пацыентаў.

Акрамя таго, для агляду хворых пацыентаў дома ў Мінску ў гэты дзень працавалі 217 кантактных брыгад. З іх — 172 урачэбныя і 45 сястрынскіх. За мінулы тыдзень колькасць брыгад была павялічана на 88. Нагрузка на адну брыгаду склала ў сярэднім 40-45 пацыентаў.

Як падкрэсліла старшыня Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена Богдан, чэргі ў паліклінікі звязаныя з тым, што панядзелак — першы рабочы дзень пасля выхадных, а таксама назіраецца рост захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і каранавірус штама «Амікрон», які цяпер праходзіць у большасці выпадкаў як вострая рэспіраторная інфекцыя.

У другой палове дня, у залежнасці ад колькасці замацаванага насельніцтва, абстаноўка ў паліклініках стабілізавалася.

Алена Богдан паведаміла, што ў пацыентаў, якія звярнуліся на прыём, цяжкага ходу захворвання выяўлена не было. Пераважна хвароба праходзіць у лёгкай форме.

— З прыёму шпіталізаваны адзінкі пацыентаў, што таксама ўскосна сведчыць аб няцяжкім ходзе захворвання, — расказала медык.

Да 20 гадзін у большасці паліклінік медыцынская дапамога была аказана ўсім пацыентам, якія звярнуліся. Некаторыя паліклінікі працягнулі работу звыш устаноўленага часу, для таго каб прыняць усіх пацыентаў.

— Мы просім мінчан з разуменнем ставіцца да неабходнасці больш працяглага чакання прыёму ва ўрачоў. Таксама хачу выказаць словы падзякі медыцынскім работнікам сталіцы за самаадданую і прафесійную работу ў складанай эпідэмічнай абстаноўцы, — адзначыла Алена Богдан.

Алена Кравец
Звязда, 1 лютага 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/47/63246
Текущая дата: 25.11.2024