Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28-га студзеня ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
«Падрыхтоўка мяцяжу 2020 года ажыццяўлялася на парадак мацней, з улікам ранейшых няўдач. Мы адназначна расцэньваем мінулыя падзеі як шматэтапную і скаардынаваную тэхналогію», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Рэалізоўвалася яна адначасова па некалькіх напрамках. «Па-першае, ідэалагічная экспансія. Захад праз розныя адукацыйныя праграмы і семінары спрабаваў навязваць нашым людзям так званыя дэмакратычныя каштоўнасці, абяцаў Беларусі агульнаеўрапейскую ідылію. І наша МЗС, яго супрацоўнікі, урад, ды і я гэта недаацэньвалі. Думалі, што гэта не для нас. Што гэта пройдзе міма нас, — адзначыў Прэзідэнт. — Па-другое, фінансаванне. Ужо дакладна вядома, на разбурэнне Беларусі было кінута больш за $6 млрд. Ужо вельмі хацелася пакончыць з намі раз і назаўсёды. Па-трэцяе, інфраструктура. Па ўсёй краіне стваралі сетку спячых ячэек з так званых недзяржаўных арганізацый, асобных СМІ, Telegram-каналаў і блогераў. Ва ўмовах дыктатуры, як нас там любяць называць, падобных антыдзяржаўных структур развялося тысячы. Усе гэтыя нібыта эколагі, праваабаронцы, псеўдажурналісты спрабавалі знішчыць дзяржаву. Скажу адкрыта, мы таксама не надалі дастаткова ўвагі гэтаму працэсу. І калі я ставіў задачы, шчыра кажучы, я гэта адчуваў, бачыў. Яны не заўсёды рэалізоўваліся. А ў мяне не хапіла часу пракантраляваць выкананне маіх даручэнняў. Таму што я занадта быў паглыблены ў эканоміку, прамысловасць, сельскую гаспадарку, фінансавую сістэму. Вы разумееце і бачылі, што адбывалася ў той час».
Прэзідэнт падкрэсліў, гэтыя людзі, якія спрабавалі разбурыць нашу дзяржаву, пры гэтым нідзе не працавалі, жыцця працоўнага чалавека не ведалі. Аднак нядрэнна жылі за кошт заходніх фондаў.
«Непасрэдна напярэдадні выбараў перайшлі ўжо да мяккага палітычнага націску. Успомніце, колькі разнастайных візіцёраў зачасціла да нас перад выбарамі. Запэўнівалі ў дапамозе і дружбе. ЗША нават абяцалі забяспечыць нас стапрацэнтна нафтай, калі ў нас, помніце, быў канфлікт з Расійскай Федэрацыяй. І прыдумаўшы зручную прычыну, захаваць незалежную Беларусь. Спрабавалі пасварыць два братэрскія народы непасрэдна напярэдадні выбараў. Гэтыя 33 багатыры, пра якіх гавораць ужо, правялі нібыта на Захадзе, ва Украіне даследаванне. Аказваецца, гэта была правакацыя Захаду, ЗША, каб канчаткова настроіць беларускага Прэзідэнта ў момант выбараў супраць Расіі. Прыйдзе час — разбяромся», — адзначыў беларускі лідар.
Пацярпеўшы няўдачу, Захад перакрэсліў усе дасягнутыя раней дамоўленасці, падпісаныя пагадненні і шматлікія абяцанні. «У ход пайшлі інфармацыйныя маніпуляцыі, заклікі да насілля, падрыхтоўка баевікоў і тэрарыстаў, увоз зброі і боепрыпасаў. Апошняе прадаўжаецца дагэтуль. Ну і, у рэшце рэшт, арганізацыя зусім не мірных пратэстаў у жніўні 2020-га, якія ў выніку перараслі ў злачынныя формы самага радыкальнага толку. Прадаўжаюцца дагэтуль. Але, на шчасце, беларусы, як і ў самыя цяжкія часы гісторыі, праявілі палітычную мудрасць і дальнабачнасць, вызначыўшы свой выбар на стагоддзі», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Звязда, 28 студзеня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/48/63144
Текущая дата: 25.11.2024