Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі стартавала датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў



Датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў пачалося ў Беларусі.

Датэрміновае галасаванне пройдзе з 20 па 24 лютага. Прагаласаваць можна з 12.00 да 19.00. Участкі працуюць без перапынку на абед.

Афіцыйнага пацверджання прычын, па якіх выбаршчык не можа прагаласаваць у асноўны дзень правядзення выбараў, не патрабуецца.

На ўчастках бюлетэні выдаюцца выбаршчыкам пры прад’яўленні пашпарта, ідэнтыфікацыйнай карты, біяметрычнага пашпарта, ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовага пасведчання работніка дзяржоргана (арганізацыі), правоў кіроўцы.

Як адзначылі ў ЦВК, прагаласаваць можна таксама прад’явіўшы пенсіённае пасведчанне, пасведчанне інваліда (пры наяўнасці фатаграфіі), студэнцкі або вучнёўскі білет.

Калі падчас запаўнення бюлетэня выбаршчык дапусціў памылку або сапсаваў бюлетэнь, то ён можа звярнуцца да членаў участковай выбарчай камісіі і атрымаць новы бюлетэнь для галасавання. Аднак такім правам можна скарыстацца толькі адзін раз.

У ЦВК таксама нагадалі, што фота- і відэаздымкі запоўненага бюлетэня для галасавання забаронены.

Выбаршчыкі маюць права прагаласаваць па месцы фактычнага пражывання, а не па месцы рэгістрацыі. Выбаршчык для вырашэння гэтага пытання мае права звярнуцца ва ўчастковую выбарчую камісію па месцы пражывання да 24 лютага і на падставе пашпарта і пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае пражыванне на тэрыторыі ўчастка для галасавання, можа быць уключаны ў спіс выбаршчыкаў па месцы пражывання.

У Беларусі створана 5411 участкаў для галасавання. На галоўнай старонцы афіцыйнага сайта ЦВК Беларусі запушчаны сэрвіс па пошуку ўчастка для галасавання, а ў раздзеле, прысвечаным бягучай выбарчай кампаніі, размешчаны адрасы і тэлефоны ўсіх тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій.

Адзіны дзень галасавання пройдзе 25 лютага. Участкі для галасавання будуць працаваць з 08.00 да 20.00.

Звязда, 20 лютага 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/5/72755
Текущая дата: 16.06.2024