Белорусский портал в Казахстане

Амаль 40 мастоў і пуцеправодаў адрамантавалі ў Мінскай вобласці за тры гады



Аб гэтым расказаў генеральны дырэктар КУП «Мінскаблдарбуд» Віктар Рагускі.

«З 2019 па 2021 год у Мінскай вобласці абследавалі 198 маставых збудаванняў. За гэты час адрамантавана 39 збудаванняў на суму больш за Br12 млн. Цяпер на 54 збудаваннях патрабуецца правядзенне рамонту. Намі распрацаваны і зацверджаны графік іх рэканструкцыі да 2025 года. Для прадухілення аварыйных сітуацый вядзецца пастаянны маніторынг стану канструкцый», — распавёў Віктар Рагускі.

Летась прадпрыемства адрамантавала 9 маставых збудаванняў агульнай працягласцю 276 пагонных метраў. На працы было выдаткавана Вг4, 1 млн. У сталічным рэгіёне абнавілі масты праз рэкі Нарач і Ілля ў Вілейскім раёне, праз раку Ператуць на пад’ездзе да аграгарадка Негарэлае, праз раку Цэпру ў Клецкім раёне, а таксама на двух участках у Салігорскім раёне.

Па стане на 1 студзеня 2022 года на балансе КУП «Мінскаблдарбуд» знаходзіцца 695 маставых збудаванняў агульнай працягласцю 21315 пагонных метраў, з якіх 413 малых мастоў (59%), 261 сярэдні (38%) і 21 вялікі (3%). Пры гэтым 80% з іх пабудаваныя ў 70-х гадах.

Звязда, 13 студзеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/51/62782
Текущая дата: 25.11.2024