Затрыманы 45-гадовы мінчанін, які з выкарыстаннем самаробнай выбухной прылады пашкодзіў міліцэйскі аўтамабіль, паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч, перадае МУС.
«У ноч з 7 на 8 студзеня 2022 года з выкарыстаннем самаробнай выбухной прылады здзейснены падрыў службовага аўтамабіля ля будынка Цэнтральнага РУУС горада Мінска па вул. Арлоўскай. Неадкладна распачата крымінальная справа, створана следча-аператыўная група з ліку вопытных супрацоўнікаў ГУУР МУС, ГУУС Мінгарвыканкама, Цэнтральнага РУУС, УСК па г. Мінску», — распавёў Генадзь Казакевіч.
Паводле яго слоў, ужо 11 студзеня следчыя выйшлі на след злачынца, які з прымяненнем мер канспірацыі перамяшчаўся да месца злачынства і назад. Ім аказаўся 45-гадовы беспрацоўны мінчанін, які жыве непадалёк.
«Праведзенымі аператыўна-вышуковымі мерапрыемствамі пацверджана яго дачыненне да ўчынення злачынства. І ўжо ў ноч на 13 студзеня ён затрыманы непасрэдна пасля падрыву дзвюх самаробных прылад каля кіёска „Табакерка“ па вул.Старавіленскі тракт супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС г. Мінска. Дарэчы, гэта былі тыя ж патрульныя, аўтамашына якіх пашкоджана 8 студзеня, — адзначыў намеснік міністра. - У далейшым, у ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і першапачатковых следчых дзеянняў сумесна з УСК па г. Мінску атрыманы неабвержныя доказы супрацьпраўнай дзейнасці затрыманага: канфіскавана камп’ютарная тэхніка з інструкцыямі па вырабе выбуховых рэчываў і самаробных выбуховых прыстасаванняў, кампаненты, рэчывы і гатовыя самаробныя выбуховыя прыстасаванні. Таксама ўстаноўлена дачыненне затрыманага да пашкоджання кіёска „Табакерка“ у кастрычніку 2020 года, а таксама падрыву дзвюх выбуховых прыстасаванняў 1 студзеня ля Цэнтральнага РУУС г. Мінска».
Затрыманы дае прызнальныя паказанні.
«МУС Рэспублікі Беларусь канстатуе захаванне пагрозы экстрэмізму і тэрарызму ў краіне, у тым ліку і з боку самарадыкалізаваных грамадзян. Прыведзеныя прыклады сведчаць аб агульнанебяспечным спосабе ўчынення злачынстваў. Хочам запэўніць грамадзян, што МУС і ў далейшым будзе аператыўна і эфектыўна процідзейнічаць гэтаму злу», — канстатаваў Генадзь Казакевіч.
СК: У затрыманага мінчаніна знойдзена не менш як 5 падрыхтаваных да выкарыстання выбуховых прылад
Паводле звестак следства, каля 4 гадзін 50 хвілін 8 студзеня бягучага года ля будынка УУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска шляхам падрыву неўстаноўленай выбухной прылады наўмысна пашкоджаны аўтамабіль аператыўнага прызначэння, які належыць ГУУС Мінгарвыканкама. Уначы 13 студзеня бягучага года аналагічным спосабам пашкоджаны кіёск «Табакерка» і урна, размешчаныя паблізу дома 91 па Старавіленскім тракце ў горадзе Мінску.
«У абодвух выпадках на месца здарэння выехала следча-аператыўная група. У выніку аглядаў месцаў здарэнняў і іншых следчых дзеянняў знойдзены і канфіскаваны прадметы і аб’екты са слядамі ўздзеяння пашкоджвальных фактараў выбуху, часткі і элементы выбуховых прыстасаванняў, а таксама відэаматэрыялы. Прызначаны комплексныя экспертныя даследаванні, у тым ліку выбуха-і пажарна-тэхнічная, хімічная экспертызы, вытворчасць якіх даручана спецыялістам ДКСЭ», — заявілі ў СК.
У выніку правядзення сумесных з супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Мінска следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у поле зроку органа крымінальнага пераследу трапіў 45-гадовы мінчанін. Мужчына раней не судзімы і нідзе не працуе, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў і парушэнне правілаў дарожнага руху.
Па гарачых слядах пасля ўчынення апошняга злачынства мужчына быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
«Пры дакументаванні злачыннай дзейнасці падазраванага ў яго жыллі і дапаможных памяшканнях знойдзены не менш як 5 падрыхтаваных да выкарыстання выбуховых прыстасаванняў і ў вялікіх колькасцях розныя хімічныя рэчывы і кампаненты для іх вырабу, а таксама даведачная літаратура па выбуховых рэчывах, пораху і піратэхнічных саставах», — паведамілі ў СК.
Як раней паведамлялася, следствам устаноўлена дачыненне падазраванага да ўчынення аналагічнага злачынства ў Цэнтральным раёне горада Мінска ў кастрычніку 2020 года. Дзеянні падазраванага кваліфікаваны па арт. 289 (акт тэрарызму, учынены паўторна) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.
Звязда, 13 студзеня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/51/62934
Текущая дата: 25.11.2024