Белорусский портал в Казахстане

У бліжэйшыя дні праект новай Канстытуцыі будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23-га снежня на чарговай нарадзе па пытаннях змянення Канстытуцыі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта падагульняючая нарада рабочай групы перад апублікаваннем праекта Канстытуцыі. "Дзень-два выпраўляем памылкі, расстаўляем коскі, выносім на абмеркаванне цяперашні праект Канстытуцыі", - сказаў беларускі лідар.

Перад тым як прадставіць праект шырокай грамадскасці, яго сёння яшчэ раз абмяркуюць на ўзроўні рабочай групы і Канстытуцыйнай камісіі. "Сёння нам трэба яшчэ раз звярнуцца да гэтага праекта, пачытаць яго разам, асабліва асноўныя палажэнні, каб не было якіх-небудзь недахопаў", - адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што апублікаваны праект не будзе фінальным. "Ён будзе канчатковым тады, калі ўжо абмяркуем прапановы народа па праекце", - растлумачыў беларускі лідар.

"Я не выключаю, што (хутчэй за ўсё, так і будзе) пасля перыяду абмеркавання праекта гэтай Канстытуцыі мы яшчэ раз (для таго каб паглядзець, якія істотныя, прынцыповыя будуць унесены народам прапановы) збяромся ў рамках рабочай групы. А падагульняючае пасяджэнне потым ужо правядзём Канстытуцыйнай камісіі, - растлумачыў парадак будучай работы Прэзідэнт. - І ўжо з гатовым праектам, пасля таго як Канстытуцыйная камісія разгледзіць вынікі работы нашай рабочай групы, зацвердзіць іх, унясём праект Канстытуцыі на рэферэндум".

Што датычыцца тэрмінаў, то Аляксандр Лукашэнка абазначыў іх наступным чынам: у канцы студзеня - пачатку лютага трэба яшчэ раз вярнуцца да фармавання падагульняючага праекта Канстытуцыі пасля абмеркавання народам, а прыкладна ў другой палове лютага - вынесці яго на рэферэндум. "Гэта зручна: і людзей не адцягваем, зіма, работы менш і ў малых гарадах, у вёсцы - тым больш, ды і ў вялікіх гарадах", - выказаў свой пункт гледжання наконт правядзення рэферэндуму ў лютым кіраўнік дзяржавы.



23 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/52/62497
Текущая дата: 25.11.2024