Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: трэба адбудоўваць новую Беларусь



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16-га снежня на нарадзе аб процідзеянні санкцыйным мерам запатрабаваў забяспечыць маналітнасць і выканальнасць, асабліва ў кіраўніцкім апараце краіны.

"Патрэбна як ніколі маналітнасць і выканальнасць. Разбярыцеся асабліва з кіраўнікамі: вельмі шмат у нас кіраўнікоў, якія займаюць антыдзяржаўную пазіцыю. І што мяне здзіўляе (гэта больш за ўсё ў Мінску): кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя. Вельмі ўжо шмат "разумных" там з`явілася, якія гатовы за прэм`ер-міністра працаваць, за кіраўніка Адміністрацыі, кіраўнікоў парламента - за ўсіх гатовы працаваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу: ніхто нікому не забараняе мець свой пункт гледжання. "Кожны павінен мець свой пункт гледжання, вы яго і маеце. Я гэта ўспрымаю як данасць. Але, дарагія мае, усе мы, хто сядзіць тут за гэтым сталом, і кіраўнікі, пра якіх я сказаў, абмежаваны пэўнымі рамкамі - рамкамі кіраўніка. Калі ты хочаш быць абсалютна незалежным і заклікаць да санкцый, ваяваць супраць улады і іншае - вунь яны ў Літве, Польшчы сядзяць, там яшчэ ёсць вакансіі. Адтуль усё больш і больш хочуць назад вярнуцца. Калі ласка, на тыя вакансіі едзьце і там заклікайце да санкцый. Ведаеце, што мы там вас не дастанем і шэсць або восем гадоў згодна з новым законам вы не атрымаеце", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але калі вы кіруеце калектывам, вы дзяржаўныя людзі (і няважна, прыватнае або дзяржаўнае прадпрыемства), тым больш калі вы пагоны носіце або ў дзяржаўным апараце працуеце, слухайце, вы разумееце, дзе вы знаходзіцеся. У адваротным выпадку, я ўжо колькі разоў гаварыў, мы будзем расцэньваць гэта як здрадніцтва", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што не павінна быць перагібаў і нейкіх "накатаў, як у 1930-я гады". "Вы ведаеце: "Вось там рэпрэсіі і іншае было". Я не ведаю. Усе гэтыя факты ў гісторыі выкарыстоўваюцца, як каму выгадна. Але будзем лічыць, што ў 1937-1939 гадах было няважна з нашай гісторыяй: нехта некага хапаў, саджалі і іншае. Пачалася вайна, а генералы сядзяць у турме - давялося адтуль даставаць, і яны былі першымі героямі, абараняючы Савецкі Саюз. Дык вось, каб у нас так не было, - запатрабаваў беларускі лідар. - Бачыце, нехта за некага падпісаўся: "Давай яго хапай, цягні..." Мы павінны бачыць, асабліва людзей у дзяржаўным апараце. Усіх мы ўсё роўна не ўбачым. Іх (у краіне.) тысячы былі, якія падпісалі за "альтэрнатыўшчыкаў", ну і што? Мы што, цяпер будзем адцягваць увагу і іх лавіць недзе? Нам жа справай трэба займацца. І паверце, за гэты год яны зусім іншымі людзьмі сталі".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, аб гэтым сведчаць і вынікі сацдаследавання. "Сёння-заўтра мы апублікуем сацыялагічныя даследаванні: яны значна адрозніваюцца ад тых, што былі год таму. Хоць і тыя былі ў здавальняючым стане", - сказаў ён.

"Таму ўсіх гэтых падпісантаў мы павінны бачыць, асабліва калі яны працуюць недзе "наверсе", у вертыкалі ўлады. Але сёння іх там лавіць і дапытваць - навошта? Няўжо займацца няма чым? Тым больш многія ўжо трэці раз пераабуліся. Але тых, хто парушаў закон, штурхаў людзей на парушэнне закону (у нас іх таксама нямала), вось з гэтымі мы павінны разабрацца. Але рабіць гэта трэба акуратна, асцярожна, не павінна быць кампанейшчыны, бо мы зноў ператворымся ад адваротнага ў нейкіх варвараў. І паляцяць бязвінныя галовы. Таму нельга дапусціць скажэння, нельга шарахацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў: трэба займацца канкрэтнай справай, весці за сабой людзей і правяраць іх на канкрэтных справах. "Спуску нікому не павінна быць, хто вінаваты, хто здраднік, хто проста не наш чалавек. Але яшчэ раз падкрэсліваю: гэта карпатлівая, спакойная работа спецыяльных органаў улады", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся наконт прапаноў па вызначэнні кола асоб, хто з прычыны сваёй службовай дзейнасці павінен азнаямляцца са зместам розных экстрэмісцкіх Telegram-каналаў. "Не трэба сюды, як кіраўнік Адміністрацыі прапануе, цягнуць спісы: каму можна, каму нельга. Глупства несусветнае, - сказаў Прэзідэнт. - Няхай кіраўнікі на месцах, губернатары, старшыні райвыканкамаў вызначаюцца. Забароны ніколі не прыводзілі да нармальнага выніку. Але калі мы ўжо самі сабе не давяраем, то, слухайце, тады трэба сапраўды збеглым аддаць гэту ўладу. Будзьце акуратнымі і асцярожнымі. У нас больш чым дастаткова праблем, і іх трэба вырашаць".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў яшчэ раз: здраднікам дараваць нельга. "Тым, хто спрабаваў перавярнуць краіну і здаць яе "туды", ніякага даравання не будзе. Мы іх бачым і выяўляем дзясяткамі, а то і сотнямі, - расказаў беларускі лідар. - Тыя арганізацыі, якія фінансаваліся з-за мяжы і арганізоўвалі пераварот і мяцеж, мы ўсе ліквідавалі. Як бы ні было цяжка, мы ж ведалі, якія будуць наступствы. І яны сёння завылі: "Аднавіце!" Яны ніколі не будуць адноўлены".

У той жа час ён адзначыў, што ў Беларусі могуць працаваць любыя фонды і арганізацыі, калі яны займаюцца сапраўды важнай справай на карысць радзімы. "Няхай абараняюць хворых, лечаць кавід, няхай чарнобыльцам дапамагаюць, бедным, абяздоленым, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, лечаць дзетак і гэтак далей - калі ласка, дарога адкрыта. Нехта хоча стварыць фонды - калі ласка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта значыць, вось гэты хаос трэба сёння заканчваць. Трэба адбудоўваць новую Беларусь", - рэзюмаваў беларускі лідар.

16 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/53/62309
Текущая дата: 25.11.2024