У Гомелі 11-гадовы школьнік атрымаў траўмы ад выбуху петарды, паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС аблвыканкама.
У нядзелю 19 снежня 11-гадовы хлопчык атрымаў ад старэйшага 17-гадовага брата падарунак: раней судзімы за крадзеж і юнак, які знаходзіцца на ўліку, падарыў школьніку ўпакоўку петард. Той паклікаў дваіх сяброў, каб пацешыцца.
Хлопцы пайшлі ў лес. Там іх убачыў яшчэ адзін хлопчык, і ўжо ўчатырох яны сталі ўзрываць піратэхніку. Перад тым як пайсці дадому, новы прыяцель запаліў петарду і кінуў яе ў бок уладальніка небяспечных цацак. Петарда трапіла за каўнер курткі і ўзарвалася.
«Хлопец патэлефанаваў бацькам і расказаў пра здарэнне. Яны даставілі сына ў абласную дзіцячую клінічную бальніцу. Урачы паставілі дыягназ: тэрмічны апёк правай бакавой паверхні шыі. Хлопчыку аказалі меддапамогу і адпусцілі дадому», — расказалі ва УУС.
Па факце прычынення цялесных пашкоджанняў праводзіцца праверка, назначана экспертыза.
Звязда, 20 снежня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/53/62594
Текущая дата: 25.11.2024