У Рагачове АМАП затрымаў мужчыну з баявым пісталетам, паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Гомельскага аблвыканкама.
Супрацоўнікі ППСМ Рагачоўскага РАУС 27 лістапада атрымалі інфармацыю, што ў наведвальніка адной з кавярняў ёсць прадмет, падобны да пісталета. 32-гадовага мужчыну затрымалі байцы АМАПа, у барсетцы знайшлі пісталет ТТ. Пры вобшуку ў кішэні канфіскавалі стрэляную гільзу і патрон.
Як высветлілася, у гэты дзень затрыманы быў у гасцях у свайго 31-гадовага знаёмага. Прыстойна выпілі. Гаспадар пахваліўся, што мае сапраўдны пісталет. Неўзабаве мужчыны вырашылі пастраляць, дзеля чаго выйшлі ў лес.
Калі спіртное скончылася, вырашылі паехаць у кавярню. Сябар з лепшых падахвочванняў прапанаваў мужчыну аддаць пісталет яму — ад граху падалей. У выніку ён зайшоў у забаўляльную ўстанову, дзе праз час яго і затрымалі байцы АМАПа, а таварыша спыніў патруль ППСМ.
Гаспадар пісталета расказаў, што некалькі гадоў таму знаёмы знайшоў у лесе праіржавелую зброю і прапанаваў забраць. Мужчына пагадзіўся. Прывёў зброю ў парадак, перабраў, вышмараваў, як змог, аднавіў некаторыя дэталі ўдарна-спускавога механізма. Пісталет аказаўся рабочым.
Праведзеная спецыялістамі ГКСЭ экспертыза пацвердзіла: пісталет ТТ з’яўляецца агнястрэльнай зброяй, прыдатнай для вытворчасці стрэлу.
На 32-гадовага мужчыну пачалі крымінальную справу па факце незаконных дзеянняў з агнястрэльнай зброяй.
Праводзіцца і шэраг іншых экспертыз па канфіскаваных боепрыпасах. У гаспадара зброі пры вобшуку знайшлі каля 20 патронаў. Неўзабаве будзе дадзена прававая ацэнка яго дзеянням.
Звязда, 2 снежня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/55/61987
Текущая дата: 25.11.2024