Белорусский портал в Казахстане

У Гродзенскай вобласці акажуць падтрымку сем`ям землякоў, загінулых пры крушэнні Ан-12



У Гродзенскай вобласці акажуць неабходную падтрымку сем`ям землякоў, загінулых пры крушэнні Ан-12 пад Іркуцкам. Аб гэтым паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Грузавы Ан-12 авіякампаніі "Гродна" ўчора разбіўся побач з Іркуцкам. Загінулі ўсе, хто знаходзіўся на борце. У тым ліку і трое грамадзян Беларусі.

"Гэта трагедыя не толькі для блізкіх, але і для ўсіх нас. Ужо ўчора з сем`ямі двух членаў экіпажа, якія былі жыхарамі Гродзенскай вобласці, звязаліся псіхолагі, каб аказаць падтрымку. Даныя аб сям`і яшчэ аднаго члена экіпажа з Гомельскай вобласці перадалі сваім калегам з гэтага рэгіёна. Мы гатовы аказаць усю неабходную падтрымку сем`ям загінулых", - сказаў Уладзімір Каранік. Ён падкрэсліў, што ў рэгіёне акажуць дапамогу і следству для высвятлення прычын трагедыі, а таксама для таго, каб такое больш ніколі не паўтарылася.

3 лістапада ў 11.34 пры адыходзе на другі круг у аэрапорце Іркуцка ў складаных метэаралагічных умовах (снег з дажджом, ледзяны дождж) самалёт авіякампаніі "Гродна" Ан-12 пацярпеў катастрофу. Паветраным суднам кіраваў вопытны экіпаж. Камандзір меў агульны налёт больш за 12 тыс. гадзін, у тым ліку на тыпе Ан-12 - больш за 7 тыс.

4 лістапада 2021, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/58/61262
Текущая дата: 07.10.2024