Белорусский портал в Казахстане

Захваральнасць на COVID-19 у большасці рэгіёнаў Беларусі ніжэйшая за паказчыкі мінулай хвалі



Захваральнасць на COVID-19 у большасці рэгіёнаў Беларусі цяпер ніжэйшая за паказчыкі мінулай хвалі, заявіў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

"Гэту хвалю мы пакрыху праходзім. Мы штодзённа раніцай атрымліваем інфармацыю, размаўляючы непасрэдна з рэгіёнамі. У нас толькі два рэгіёны - Мінская вобласць і Мінск - вышэй за 100 працэнтаў (захваральнасць вышэйшая ў параўнанні з мінулай хваляй.)", - сказаў Дзмітрый Піневіч, дадаўшы, што ў астатніх рэгіёнах лічбы ніжэйшыя за паказчыкі мінулай хвалі.



Разам з тым, адзначыў міністр, гэта не адмяняе напружаную работу медыкаў. Па-ранейшаму актуальныя заклікі да вакцынацыі, фізічнага дыстанцыравання. "Наадварот, у гэтым мы павінны быць яшчэ больш паслядоўнымі, больш настойлівымі", - сказаў ён.

Вызначальным штамам застаецца дэльта, які і фармуе гэту хвалю.

"Многія гавораць, і мы сапраўды гэта бачым: ён адрозніваецца ад уханьскага штама. Гэта зусім іншая эпідэмічная сітуацыя, гэта больш цяжкія пацыенты, больш складанае іх вядзенне, у тым ліку ў стацыянарных умовах", - сказаў Дзмітрый Піневіч, адзначыўшы, што "падыходы, у прынцыпе, застаюцца ўніверсальнымі".

Паводле слоў міністра, цяпер у зоне рызыкі не толькі пажылыя людзі, але і дзеці, цяжарныя - вось чаму стаіць пытанне вакцынацыі цяжарных і кормячых маці. "Дарэчы, вакцынацыя гэтых катэгорый праходзіць даволі інтэнсіўна", - заўважыў ён.

Дзмітрый Піневіч звярнуў увагу, што ў аўтарытэтных навуковых выданнях, перыёдыцы і СМІ з`яўляецца ўсё больш артыкулаў, у якіх вытворцы вакцын заяўляюць аб магчымасці вакцынацыі дзяцей.

"Мы на наступны год плануем, што дзеці будуць вакцынавацца. Якія групы? Напэўна, як мы рабілі і раней: дзеці, якія часта і працягла хварэюць, наведваюць установы адукацыі", - сказаў ён. Міністр лічыць, што ў хуткім часе вакцынацыя ад каранавіруса стане такой жа сезоннай, як цяпер супраць грыпу.

4 лістапада 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/59/61256
Текущая дата: 25.11.2024