Белорусский портал в Казахстане

ГУБАЗіК: шэраг інфармрэсурсаў у бліжэйшыя дні будзе прызнаны экстрэмісцкімі фармаваннямі



Аб гэтым паведаміў начальнік аддзела ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі 17 кастрычніка ў эфіры тэлеканала СТВ.

«Экстрэмісцкае фармаванне — гэта аб’яднанне людзей, група грамадзян, якія аб’ядналіся дзякуючы тым жа тэлеграм-рэсурсам. У нас ёсць у распрацоўцы такія рэсурсы, якія літаральна ў самыя бліжэйшыя дні будуць прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі. Паўстане пытанне пра крымінальны пераслед іх стваральнікаў, адміністратараў, актыўных удзельнікаў, якія займаліся рэпостамі, рознымі злівамі, перапублікацыямі і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на іх папулярызацыю сярод насельніцтва, а адпаведна, на прычыненне шкоды інтарэсам нацыянальнай бяспекі нашай краіны», — сказаў Вячаслаў Арлоўскі.

«Адпаведна экстрэмісцкія тэлеграм-каналы і тэлеграм-чаты пасля таго, як мы лічым іх экстрэмісцкімі фармаваннямі, разам з аўдыторыяй могуць патрапіць пад крымінальную адказнасць. І толькі з моманту прызнання іх экстрэмісцкім фармаваннем пачынаюцца пытанні крымінальнага пераследу», — растлумачыў ён.

Вячаслаў Арлоўскі распавёў таксама, ці будзе якая-небудзь адказнасць для падпісчыкаў дэструктыўных тэлеграм-каналаў, якія проста знаёмяцца з інфармацыяй, размешчанай там. Паводле яго слоў, ніякіх пытанняў з боку праваахоўных органаў не будзе пры ўмове, калі чалавек ніякім чынам не ўдзельнічаў у развіцці гэтых экстрэмісцкіх інфармацыйных рэсурсаў.

Па падліках ГУБАЗіК, зараз у краіне налічваецца 327 дэструктыўных тэлеграм-каналаў і тэлеграм-чатаў. Іх кантэнт па рашэнні судоў прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Звязда, 18 кастрычніка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/60/61012
Текущая дата: 07.10.2024