Белорусский портал в Казахстане

Да канца бягучай пяцігодкі не менш за трэць ад усяго ўводзімага жылля ў Беларусі складуць электрадамы



Такую перспектыву абазначыў 28 верасня міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч падчас выязнога пасяджэння пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве ў Бабруйску.

"На бліжэйшую пяцігодку дзяржаўнай праграмай "Будаўніцтва жылля" запланаваны паэтапны рост аб`ёмаў уводзімага ў краіне жылля, - падкрэсліў Руслан Пархамовіч. - Калі ў мінулым годзе па даведзеным заданні мы будавалі 4 млн кв.м, то да канца гэтай пяцігодкі лічбы складуць практычна 4,5 млн кв.м. Паралельна з гэтым будуць павялічвацца аб`ёмы будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай і арэндных квадратных метраў. Запланаваны таксама рост будаўніцтва электражылля, па якім мы хочам выйсці на паказчык не меншы за 250 тыс. кв.м за год. Такім чынам, да канца пяцігодкі не менш за трэць ад усяго ўведзенага па краіне жылля будзе будавацца з выкарыстаннем электраэнергіі для ацяплення і гатавання ежы".

Удзел у выязным пасяджэнні прынялі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы, старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Віктар Нікалайкін, а таксама прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і мясцовай выканаўчай улады. Дэлегацыя азнаёмілася з жылой забудовай і этапамі развіцця сацыяльнай інфраструктуры 7-га мікрараёна Бабруйска, наведала новую СШ нумар 35 і яслі-сад нумар 84, а таксама пабывала на ўзводзімым аб`екце (яслі-сад нумар 85), увод якога запланаваны ўжо ў кастрычніку гэтага года. У праграму мерапрыемства таксама ўвайшло азнаямленне з работай Бабруйскага завода буйнапанэльнага домабудавання.

Асноўнай тэмай сустрэчы стала вывучэнне праблемных пытанняў пры будаўніцтве аб`ектаў сацыяльнай інфраструктуры з выкарыстаннем сучасных канструкцый домабудавання. "Сёння мы азнаёміліся з новымі мікрараёнамі, якія цяпер даволі інтэнсіўна развіваюцца ў Бабруйску, - сказаў Руслан Пархамовіч. - Прыемна было ўбачыць, што, нягледзячы на ўсе складанасці, у тым ліку і фінансавыя, у горадзе будуюцца прывабныя школы, развіваюцца новыя мікрараёны. Паспявае за ўсім гэтым будаўніцтвам і інжынерна-транспартная інфраструктура, з`яўляюцца новыя шырокія праспекты. На мой погляд, у Бабруйску рэалізаваны даволі прадуманыя і якасныя рашэнні для зручнасці і камфортнага пражывання гараджан".

Паводле слоў Віктара Нікалайкіна, дзяржава ўдзяляе шмат увагі будаўніцтву сацыяльных аб`ектаў у краіне, і знаёмства з такімі аб`ектамі на тэрыторыі Бабруйска прыемна здзівіла. "Мы парадаваліся за тых дзяцей, якія навучаюцца ў новай школе і наведваюць новы дзіцячы сад - гэта сапраўды дастойныя навучальныя ўстановы, - адзначыў ён. - Тут прадугледжаны і басейны, і трэнажорныя залы. Аднак не варта забываць, што дзяржава траціць вялікія сродкі на ўзвядзенне гэтых аб`ектаў, таму сёння мы таксама вывучалі магчымасць іх патаннення не на шкоду якасці. Таксама ў ходзе выязнога пасяджэння закраналіся праблемныя пытанні прымянення заканадаўства пры будаўніцтве аб`ектаў сацыяльнай інфраструктуры".

29 верасня 2021, Магілёў
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/62/60729
Текущая дата: 07.10.2024