У Беларусі з 9 кастрычніка нашэнне масак і захаванне дыстанцыі ў грамадскіх месцах стане абавязковым, у тым ліку для фізічных асоб, паведаміў журналістам намеснік міністра аховы здароўя - галоўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка.
"З 9 кастрычніка нашы грамадзяне абавязаны насіць маскі і захоўваць дыстанцыю ў магазінах, аб`ектах грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, пры наведванні тэатраў, кінатэатраў, культурна-масавых мерапрыемстваў, стадыёнаў, прадпрыемстваў, устаноў аховы здароўя, аптэк і іншых аб`ектаў", - сказаў Аляксандр Тарасенка.
Ён паведаміў, што Міністэрства аховы здароўя ўнесла змяненні і дапаўненні ў санітарныя нормы і правілы, якія датычацца прафілактыкі грыпу і COVID-19. Гэта звязана з тым, што ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі і Мінску назіраецца неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя па захваральнасці на новую каранавірусную інфекцыю. Змяненні ўступяць у сілу з 9 кастрычніка.
"Унесена істотнае дапаўненне - адказнасць фізічных асоб (грамадзян). Таму адказнасць з 9 кастрычніка будзе ўскладзена і на грамадзян пры наведванні арганізацый, аб`ектаў, прадпрыемстваў", - адзначыў галоўны санітарны ўрач. Выконваць правілы неабходна будзе і ў грамадскім транспарце ўсіх відаў, уключаючы таксі. У санітарных нормах і правілах таксама прапісана, як павінна насіцца маска: яна павінна закрываць нос, рот і падбародак.
Кантраляваць выкананне патрабаванняў будзе санітарна-эпідэміялагічная служба сумесна з зацікаўленымі, перш за ўсё МУС і Мінтрансам. "На першым этапе мы будзем праводзіць маніторынгі, каб паглядзець, як гэтыя правілы выконваюцца і суб`ектамі, і грамадзянамі. Будзем пераконваць насельніцтва захоўваць дыстанцыю і насіць медыцынскія маскі або марлевыя павязкі. Потым магчыма прымяненне і іншых мер. Аб адміністрацыйных мерах спагнання мы пакуль не гаворым", - адзначыў Аляксандр Тарасенка.
8 кастрычніка 2021, Мінск
БЕЛТА
8 кастрычніка 2021, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/62/60887
Текущая дата: 25.11.2024