Паскорыць работу з будынкамі, якія працяглы тэрмін не эксплуатуюцца, не выкарыстоўваюцца па прызначэнні, стаяць закінутыя, пустыя і тояць у сабе значную небяспеку, вырашылі органы мясцовай улады сталіцы.
Як паведамілі ў Мінскім гарвыканкаме, гэтае пытанне днямі разгледзелі на аператыўнай нарадзе. Адпаведным службам было дадзена даручэнне забяспечыць інспекцыю ўсіх такіх будынкаў, а ў выпадку вялікай амартызацыі і ўвогуле арганізаваць іх знос. Сёння ў сталіцы налічваецца 155 небяспечных будынкаў, частка іх ужо знесена.
Агульнавядома, што такія пабудовы не толькі не ўпрыгожваюць гарадскія вуліцы, але і нясуць патэнцыйную пагрозу, бо там могуць атрымаць траўмы ў час гульняў дзеці, якіх прыцягваюць закінутыя пабудовы. Акрамя таго, нярэдка там збіраюцца так званыя асацыяльныя грамадзяне, з-за чаго вялікая рызыка злачынстваў, узнікнення пажараў.
Імпульс мясцовым уладам у навядзенні парадку ва ўліку і скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў у краіне надаў новы Указ Прэзідэнта «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі».
Мікалай Любчанскі
Звязда, 20 траўня 2021
Звязда, 20 траўня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/72/59351
Текущая дата: 26.11.2024