Белорусский портал в Казахстане

У адказ на недружалюбныя дзеянні ўрад Беларусі забараніў увоз і рэалізацыю шэрагу тавараў



Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў ад 23 красавіка 2021 г. № 240, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў, з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа урадам устаноўлены пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.

Дакумент прыняты ў адпаведнасці з указам № 128 «Аб прымяненні спецыяльных мер», якім прадугледжваецца ўвядзенне забароны на ўвоз на тэрыторыю Беларусі і рэалізацыю асобных груп тавараў (у тым ліку тавараў асобных вытворцаў), краінай паходжання якіх з’яўляюцца дзяржава і (або) аб’яднанне дзяржаў, якія прынялі рашэнне аб увядзенні спецыяльных мер у дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб або якія далучыліся да гэтых мер.

У пералік забароненых тавараў унесены тавары груп кампаній LIQUI MOLY, ŠKODA AUTO і BEIERSDORF (гандлёвыя маркі NIVEA, EUCERIN, LA PRAIRIE, LABELLO, HANSAPLAST, FLORENA, 8X4, SKIN STORIES, GAMMON, TESA, CHAUL, COPPERTONE, HIDROFUGAL, STOP THE WATER WHILE USING ME).

Пастановай таксама зацверджана палажэнне аб парадку дзеянняў у дачыненні да забароненых тавараў.

Так, у выпадку выяўлення забароненых тавараў пры ўвозе ў Беларусь яны будуць падлягаць зваротнаму вывазу з тэрыторыі краіны. У выпадку выяўлення забароненых тавараў у гандлёвых аб’ектах, на рынках, выставах, кірмашах, у інтэрнэт-крамах і сеткі Інтэрнэт асобам, якія ажыццяўляюць такі гандаль, будзе выдавацца прадпісанне на забарону іх рэалізацыі.

Пастанова не распаўсюджваецца на тавары, якія ўвозяцца грамадзянамі ў Беларусь для асабістага карыстання, транспартныя сродкі, названыя ў пастанове, якія зарэгістраваныя ў дзяржавах — членах Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама часова ўвозяцца на мытную тэрыторыю Еўразійскай эканамічнай саюза транспартныя сродкі.

Пастановай таксама вызначаны парадак рэалізацыі рэшткаў забароненых тавараў, увезеных у нашу краіну да ўступлення ў сілу пастановы.

«Суб’екты гандлю, у якіх на дату ўступлення ў сілу пастановы будуць знаходзіцца рэшткі забароненых тавараў, прыпыняюць аптовы i (або) раздробны гандаль такімі таварамі, на працягу пяці рабочых дзён праводзяць інвентарызацыю іх рэшткаў і афармляюць Інвентарызацыйны вопіс. Пасля гэтага не пазней за пяць рабочых дзён з даты яе складання прадстаўляюць два асобніка ў падатковую інспекцыю па месцы пастаноўкі на ўлік і на працягу 60 каляндарных дзён забяспечваюць маркіроўку рэшткаў такіх тавараў адмысловымі кантрольнымі знакамі, якія наносяцца на спажывецкую ўпакоўку тавару», — распавялі ў прэс-службе ўрада.

Пасля маркіроўкі рэшткаў такіх тавараў можна працягнуць іх далейшую рэалізацыю. Асобы, якія парушаюць дадзеную забарону, будуць прыцягвацца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Асноўныя пункты пастановы ўступаюць у сілу праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага апублікавання дакумента. Устаноўлены пералік забароненых тавараў сапраўдны на працягу шасці месяцаў.

Звязда, 23 красавіка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/75/58929
Текущая дата: 06.10.2024