Белорусский портал в Казахстане

Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант назвала фэйкам заявы ў СМІ, што ў час спаборніцтваў "Мінская лыжня" ўдзельнік спецыяльна некалькі разоў упаў, каб кіраўнік беларускай дзяржавы яго абагнаў, і заявіла, што Прэзідэнт не дапускае паддаўкі



Аб гэтым 15 сакавіка паведаміла РІА Навіны.

Раней Telegram-канал "Пул Першага" апублікаваў відэа, на якім паказана, як побач з Прэзідэнтам, які едзе па трасе на лыжах, некалькі разоў запар падае лыжнік. Некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі выказалі меркаванне, што мужчына спецыяльна ўпаў, каб Аляксандр Лукашэнка змог яго абагнаць. Газета "Московский комсомолец" напісала, што "сапернік Лукашэнкі спецыяльна падае аж тры разы і, лежачы ў снезе, робіць выгляд, што не можа падняцца, каб толькі не абставіць беларускага Прэзідэнта", назваўшы абсурдным тое, што адбывалася.

"Якія могуць быць паддаўкі, калі на трыбуне тысячы гледачоў? У нас такое немагчыма, і арганізатары гэта цудоўна ведаюць. Стаўленне ў Прэзідэнта да гэтага самае жорсткае, за такія паддаўкі і работы пазбавіцца можна", - заявіла Наталля Эйсмант.

Яна задала рытарычнае пытанне, што лічыць абсурдам - эпізод на відэа або тое, як гэта падаюць асобныя журналісты. "Што лічыць абсурдам? Калі журналісты пішуць пра паддаўкі на фінішы, а ў Прэзідэнта на гэтых самых кадрах на грудзях ужо вісіць медаль! Дзіўна, але элементарная логіка не падказала аўтарам артыкула, што на той момант Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно выступіў, яго каманда перамагла, цырымонія ўзнагароджання прайшла, і нават з прэсай кіраўнік дзяржавы паспеў паразмаўляць", - падкрэсліла прэс-сакратар.

Паводле яе слоў, на кадрах відэа "зусім іншы забег - навічкоў-аматараў". "Гэта, для параўнання, як чэмпіянат свету і кубак IBU. Прэзідэнт якраз застаўся, каб пачынаючых лыжнікаў з другога забегу на фінішы падтрымаць. Ну і, зноў жа, каб аднавіць карціну, аўтары маглі б, напрыклад, знайсці і зверыць графікі забегаў, іх склады, у тым ліку склад каманды Прэзідэнта. Але гэтага, вядома ж, ніхто не зрабіў, і атрымаўся чарговы грубы фэйк", - падкрэсліла Наталля Эйсмант.

Паводле яе слоў, пры неабходнасці "ўсім аматарам рабіць падрабязныя разборы спартыўных спаборніцтваў з удзелам Прэзідэнта Беларусі" прэс-сакратар гэтыя графікі можа перадаць.

"Ну і галоўнае: а чаму столькі ўвагі? "Мінская лыжня з 1986 года праходзіць, і раптам вашы калегі так захапіліся і занепакоіліся?" - дадала прэс-сакратар.

16 сакавіка 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/77/58707
Текущая дата: 06.10.2024