Белорусский портал в Казахстане

Белгідрамет у 2020 годзе ўвёў у эксплуатацыю 10 аўтаматычных метэастанцый і 2 радыёлакатара



Белгідрамет у 2020 годзе ўвёў у эксплуатацыю 10 аўтаматычных метэастанцый і 2 радыёлакатара, паведаміў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслаў Пірштук.

«Завершана рэалізацыя плана мерапрыемстваў па павышэнню якасці прагназавання надвор’я на кароткатэрміновую і сярэднетэрміновую перспектыву на 2018-2020 гады. Праведзены комплекс мер па тэхнічнай мадэрнізацыі і ўдасканаленні дзейнасці Белгідрамета, вялікая ўвага нададзена падрыхтоўцы спецыялістаў. У 2020 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 10 аўтаматычных метэастанцый. Сетка прыземных метэаралагічных назіранняў на сёння прадстаўлена 67 станцыямі з узроўнем аўтаматызацыі 100%», — сказаў Баляслаў Пірштук.

Таксама ў мінулым годзе ўведзена ў эксплуатацыю 2 доплераўскіх метэаралагічных радыёлакатара (у аэрапортах Гродна і Брэста). «Дзеючая сетка радыёлакацыйных назіранняў уключае 5 сучасных доплераўскіх радыёлакатараў, што дазволіла стварыць у Беларусі адзінае поле радыёлакацыйных назіранняў», — адзначыў першы намеснік міністра.

Акрамя таго, Белгідрамет прыняў удзел у рэканструкцыі аэрадрома Орша. Там адкрыта і функцыянуе новая авіяцыйная метэаралагічная станцыя.

Звязда, 21 лютага 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/80/58375
Текущая дата: 26.11.2024