Белорусский портал в Казахстане

"Белкартаграфія" прэзентавала атлас "Дарогамі воінскай славы 1941-1945"



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Дзяржкаммаёмасці.

У рамках XХVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу сёння РУП "Белкартаграфія" прэзентавала атлас "Дарогамі воінскай славы 1941-1945".

Атлас "Дарогамі воінскай славы 1941-1945" - сумесны беларуска-расійскі праект, створаны РУП "Белкартаграфія" і АТ "Раскартаграфія" да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У атласе прадстаўлены карты буйнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны, якія маюць вельмі важнае значэнне для гісторыі, карты асобных бітваў за гарады і рубяжы, а таксама карты баявых дзеянняў партызан на акупіраваных ворагам тэрыторыях.

"Памяць аб цяжкіх дарогах вайны, што давялося прайсці воінам-пераможцам, захоўваецца ў мемарыяльных комплексах, экспазіцыях музеяў, абелісках палкаводцам і невядомым героям, якія аддалі жыццё за вызваленне народаў ад фашызму. Уся гэта інфармацыя прадстаўлена на сучасных агульнагеаграфічных картах тэрыторыі Беларусі і заходніх абласцей еўрапейскай часткі Расіі", - адзначылі ў прэс-службе.

Тэкставае апісанне буйнейшых мемарыялаў і помнікаў дапоўнена слайдамі і фатаграфіямі. Адзін з раздзелаў атласа прысвечаны гарадам воінскай доблесці. Ён напоўнены апісаннямі падзей Вялікай Айчыннай вайны, якія праславілі гэтыя гарады.

РУП "Белкартаграфія" створана ў 1999 годзе. Прадпрыемства выпускае больш за 700 картаграфічных твораў, сярод якіх навукова-даведачныя карты і атласы, тэматычныя карты і атласы для дзяржорганаў кіравання, мясцовых, выканаўчых і распарадчых органаў улады, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, карты і атласы на замежных мовах, лічбавыя карты.

18 лютага 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/81/58420
Текущая дата: 26.11.2024